Генры Кісінджэр адмовіўся ад сваёй ідэі аб нэўтральным статусе Ўкраіны і лічыць, што яна заслужыла сяброўства ў NATO

Генры Кісінджэр. Архіўнае фота

Былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр (1973-1977) заявіў на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе 17 студзеня, што ідэя аб нэўтральным статусе Ўкраіны ўжо ня мае сэнсу.

Кісінджэр, які з 2014 году лічыў нэўтральны статус Украіны адзіным разумным выхадам з канфлікту з Расеяй, адмовіўся ад гэтага пункту гледжаньня. У Давосе ён прызнаў, што цяпер Кіеў заслужыў сяброўства ў Паўночнаатлянтычным альянсе.

«Да гэтай вайны я быў супраць сяброўства Украіны ў NATO, бо баяўся, што пачнецца менавіта той працэс, які мы назіраем цяпер. Цяпер, калі гэты працэс дасягнуў такога ўзроўню, ідэя нэўтральнай Украіны ў гэтых умовах ужо ня мае сэнсу. (Украіна) павінна атрымаць гарантыі ад NATO, у якой бы форме NATO іх ні падало. Цяпер уступленьне Ўкраіны ў NATO прымальнае», – сказаў 99-гадовы Кісінджэр у сваім выступе, які трансьляваў The Guardian.

Разам з тым ён выступае за працяг дыялёгу з Масквой да дасягненьня ўрэгуляваньня ўкраінскага канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кісінджэр перасьцярог ад саступак Расеі тэрыторый Украіны