Пра гэта паведаміла міністарка абароны Канады Аніта Ананд пасьля перамоваў з украінскім калегам Аляксеем Рэзнікавым. Па словах Ананд, гэтая зэнітная сыстэма дапаможа абараніць населеныя пункты Ўкраіны і крытычна важную інфраструктуру ад бесьпілётнікаў, ракет і авіяўдараў.
«NASAMS мае вельмі высокі каэфіцыент пападаньняў, і гэта каштоўны ўклад у абараназдольнасьць Украіны», — напісала яна ў твітэры.
Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што гэта выдатная навіна. «Інвестыцыі ў наш нябесны шчыт — гэта ўклад у бясьпеку Эўропы. Дзякуй саюзьнікам», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША вылучылі Ўкраіне новы пакет вайсковай дапамогі больш чым на 3 мільярды даляраўПерасоўны зэнітны ракетны комплекс NASAMS сярэдняй далёкасьці прызначаны для паражэньня паветраных цэляў на малых і сярэдніх вышынях у любых умовах надворʼя. У кастрычніку ЗША перадалі Ўкраіне першыя дзьве сыстэмы NASAMS, якія ўжо выкарыстоўваюцца ўкраінскім войскам. Усяго ЗША абяцалі перадаць Украіне восем такіх сыстэм. У канцы году ЗША заключылі кантракт на 1,2 млн даляраў з кампаніяй Raytheon на закупку NASAMS для Ўкраіны.
Акрамя таго, ЗША і іх саюзьнікі вялі перамовы з краінамі Блізкага Ўсходу, каб перакінуць ва Ўкраіну некалькі сыстэм NASAMS. Кіраўнік кампаніі Raytheon Technologies Грэг Хэес казаў, што іх перакідваньне з Блізкага Ўсходу зойме менш часу, чым іх выраб у ЗША. Сам працэс вырабу NASAMS займае два гады, бо патрабуецца час на закупку электронных кампанэнтаў і ракетных рухавікоў.