Улады абмеркавалі пытаньне 8 сьнежня на паседжаньні рэспубліканскай рады гістарычнай палітыкі. Цяпер сталі вядомыя пэўныя падрабязнасьці.
У інтэрнэт трапіў дакумэнт, які сьведчыць, што ўлады ўсё ж разглядаюць магчымасьць адмовіцца ад трансьлітарацыі на аснове лацінкі, піша Zerkalo.io. Дакумэнт апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў, гэта дакладная запіска аб выкананьні даручэньня Лукашэнкі. Паводле крыніцы, аналягічныя дакумэнты рассылаюць у розныя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку школы, якія павінны даць справаздачу аб выкананьні, гэта значыць аб «выключэньні практыкі прымяненьня лацінкі».
Пачатак дакладной запіскі Сяргеенкі
Як гаворыцца ў дакумэнце, пасьля паседжаньня рэспубліканскай рады гістарычнай палітыкі пры адміністрацыі прэзыдэнта яе кіраўнік Ігар Сергеенка накіраваў Аляксандру Лукашэнку дакладную запіску, дзе пазначыў некалькі пунктаў:
- лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўваецца паводле закону ў адпаведнасьці з пастановай Дзяржаўнага камітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту»;
- вулічныя паказальнікі і таблічкі з надпісамі на лацінцы зьявіліся ў асноўным у Менску ў 2014 годзе перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі (прыводзяцца фота такіх паказальнікаў);
- «апошнім часам выкарыстаньне такога напісаньня выклікае крытыку з боку навуковай супольнасьці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадзкіх актывістаў і блогераў»;
- у зваротах у дзяржаўныя органы такія асобы канстатуюць «навязваньне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх лібэральных каштоўнасьцяў і культурных традыцый», адзначаюць «складанасьць успрыманьня» лацінкі і беларусамі, і іншаземцамі, а таксама тое, што паказальнікі на лацінцы «перагружаюць гарадзкое асяродзьдзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
SŁUCAK. Ці Slutsk? Беларуская лацінка, трансьліт і рэпутацыя слаўнага горадуЯк піша далей кіраўнік адміністрацыі, на паседжаньні рады гістарычнай палітыкі ўсе ўдзельнікі, абгаварыўшы пытаньне, пагадзіліся, што лацінка на паказальніках «ускладняе ўспрыманьне інфармацыі і ўскладняе арыентаваньне».
«Пры гэтым было адзначана, што ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагодзьдзя выкарыстоўваўся ў мэтах палянізацыі беларусаў разам з навязваньнем каталіцтва», — гаворыцца ў дакладной запісцы Сергеенкі.
Словы Сяргеенкі пра тое, што лацінка нібыта ўскладняе ўспрыманьне
У выніку, піша Сергеенка, рада прыняла рашэньне адмовіцца ад лацінкі.
«З улікам неабходнасьці ўмацаваньня гісторыка-культурнай агульнасьці беларускага народу, недапушчэньня прасоўваньня чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасьцяў Рэспубліканскай радай у гістарычнай палітыцы прынята рашэньне рэкамэндаваць мясцовым органам улады выключыць практыку прымяненьня лацінкі ў найменьнях вуліц і іншых тапаграфічных аб’ектаў і паступова вывесьці толькі дзяржаўныя мовы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Дакладная запіска Сяргеенкі датуецца 14 сьнежня. Мяркуючы па апублікаваным дакумэнце, пасьля атрыманьня гэтай запіскі, 16 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў даручэньне № 10/87, якое наказвае дзяржаўным органам выключыць ужываньне лацінкі. І тыя прынялі даручэньне да выкананьня.
Выключэньне прымяненьня лацінкі ў школах
Арыгінальную інструкцыю для трансьлітарацыі геаграфічных назваў, тую самую пастанову Дзяржаўнага камітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15, зараз практычна немагчыма знайсьці ў адкрытым доступе ў актуальным выглядзе. З сайту Дзяржаўнага камітэту маёмасьці, які загадвае пытаньнямі картаграфіі, яе ўжо выдалілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларуская лацінка / Biełaruskaja łacinka: ТЭСТГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Узбэкістан заплянаваў поўны пераход на лацінку праз два гады