Расейскія войскі не спынялі напады ў дзень «перамір’я», — улады Ўкраіны

Ілюстрацыйнае фота. На адной з вуліц Бахмута, Данецкая вобласьць, 6 студзеня 2023 году

Расейскія войскі не спынялі атакі 6 студзеня, нягледзячы на абвешчанае імі ж «каляднае перамірʼе», заявіў у эфіры Донбас.Реалии кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Як былі абстрэлы, так яны і застаюцца, як спробы атакаваць нашыя пазыцыі — так яны і застаюцца», — сказаў Сяргей Гайдай. На яго думку, матывацыяй Расеі ў абʼяўленьні так званага перамірʼя была патрэба ў апэрацыйнай паўзе і імкненьне выкарыстаць у прапагандзе тэзіс аб вераломнасьці Ўкраіны, які вядзе баявыя дзеяньні ў дзень вялікага рэлігійнага сьвята.

Два чалавекі загінулі і яшчэ 13 атрымалі раненьні ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў Бахмуту і Бахмуцкага раёнаў расейскімі вайскоўцамі 6 студзеня, паведамляе офіс генпракурора Ўкраіны. Паводле зьвестак ведамства, загінулыя — 66-гадовы мужчына і 61-гадовая жанчына. У пацярпелых зафіксаваныя мінна-выбухныя траўмы і аскепкавыя раненьні. Падчас абстрэлаў пашкоджаныя прыватныя, шматкватэрныя дамы і іншыя аб'екты.

За 6 студзеня расейцы 39 разоў абстралялі Херсонскую вобласьць, заявілі ўлады рэгіёну. У выніку абстрэлаў загінуў адзін жыхар вобласьці, яшчэ 7 былі параненыя. Па словах кіраўніка Херсонскай ваеннай адміністрацыі Яраслава Янушэвіча, расейскія вайскоўцы вялі абстрэлы з артылерыі, РСЗА, мінамётаў і танкаў. Херсон абстралялі 9 разоў, снарады трапілі ў прыватныя і шматкватэрныя дамы, на тэрыторыю і ў будынак падразьдзяленьня пажарна-выратавальнай часткі.

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў у ранішняй зводцы, што за мінулыя суткі расейскія войскі нанесьлі 1 ракетны ўдар і зрабілі 20 абстрэлаў з рэактыўных сыстэм залпавага агню.

Паводле Генштабу, за мінулыя суткі ўкраінскія Ўзброеныя сілы адбівалі атакі акупантаў у Луганскай і Данецкай вобласьці, таксама расейцы абстралялі некаторыя раёны Харкаўскай вобласьці. На Запароскім напрамку ад агню расейскіх войскаў пацярпелі раёны 23 населеных пунктаў, на Херсонскім напрамку расейцы не пераставалі абстрэльваць населеныя пункты ўздоўж правага берага Дняпра. У паведамленьні, аднак, не ўдакладняецца, ці адбываліся абстрэлы да абвешчанага Расеяй часу пачатку перамір’я або пасьля.

Мінабароны Расеі заявіла, што расейскае войска выконвае рэжым спыненьня агню ўздоўж усёй лініі баявога судакрананьня, але Кіеў вядзе абстрэлы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін увёў «рэжым спыненьня агню» на 36 гадзін
  • 5 студзеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін даручыў расейскаму міністру абароны Сяргею Шойгу ўвесьці рэжым спыненьня агню па ўсёй лініі фронту ва Ўкраіне з 12:00 6 студзеня да 24:00 7 студзеня.
  • Ва Ўкраіне назвалі ідэю Пуціна «крывадушнасьцю». Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскі лідэр Уладзімір Пуцін спадзяецца выкарыстоўваць так званае «перамірʼе», каб лепш падрыхтавацца да працягу вайны.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн таксама адзначыў, што загад лідэра РФ Уладзіміра Пуціна аб спыненьні агню ва Ўкраіне на праваслаўнае Раство зьяўляецца спробай знайсьці паўзу для расейскіх ваенных намаганьняў.