«У вытрымцы „вясноўцаў“ ніхто не сумняецца. Гэта робіцца для застрашваньня ўсіх астатніх»
Абвінавачаных заўсёды дастаўляюць зь СІЗА ў суд пад канвоем, вязуць у кайданках, у кайданках вядуць па судовых калідорах. Але ў клетцы звычайна кайданкі здымаюць, сьцьвярджае адвакат, які просіць называць яго Аляксандрам.
«У маёй амаль 20-гадовай адвакацкай практыцы такога не было ні разу, каб на лаве падсудных людзі сядзелі з закаванымі рукамі. Так, канвой дастаўляе зь СІЗА ў суд абвінавачваных у кайданках, але ў клетцы кайданкі здымаюць. Бывала, што нават праз краты іх здымалі — канвой перастрахоўваўся, калі судзілі чальцоў арганізаванай злачыннай групы за рабаўніцтва.
Звычайна падсудныя штосьці занатоўваюць, заўсёды дазваляліся асадкі, тэчка, папера. Я быў шакаваны, пабачыўшы на здымках дзяржаўнага СМІ, што ўсе трое ў кайданках. Тым больш што гэта рэзанансная справа, за якой будуць сачыць ва ўсім сьвеце», — кажа Аляксандар.
На думку адваката, гэта маральны, псыхалягічны ціск ня толькі на саміх праваабаронцаў, але і на звычайных людзей, якія ўбачаць здымкі. Таксама гэта дэманстрацыя свавольства і самаўпраўнасьці сілавікоў, пракурораў, судзьдзяў.
«У вытрымцы, сіле волі, моцы духу „вясноўцаў“ ніхто не сумняецца. Тым больш, Алесь Бяляцкі ўжо гэта паказаў, калі тры гады адседзеў. Гэта робіцца для застрашваньня ўсіх астатніх. Маўляў, бачыце, як мы абыходзімся з нобэлеўскім ляўрэатам? Сядзіце і ня рыпайцеся! Нам усё дазволена! А калі сур’ёзна, мне вельмі сорамна за калег-юрыстаў. Судзьдзяў, пракурораў, якія сталі вінцікамі ў сыстэме — імі кіруюць ГУБАЗіКі і АМАПаўцы. Сьледчыя, судзьдзі і пракуроры даўно „забілі“ на закон, калі вераць абсурдным абвінавачаньням і „ўпайваюць“ такія шалёныя тэрміны ні за што. Ганьба і сорам», — кажа Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «60-гадовы нобэлеўскі ляўрэат у клетцы ў кайданках». Як сусьветныя СМІ пішуць пра «суд» над Бяляцкім і паплечнікамі«Бездапаможнасьць судзьдзі выдатна ілюструе месца судовай улады ў Беларусі»
На працэсе над «вясноўцамі» судзьдзя Ленінскага суду Менску Марына Запасьнік магла загадаць, каб кайданкі з падсудных у клетцы зьнялі. Але яна не зрабіла гэтага, зьвяртае ўвагу юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
«Бездапаможнасьць судзьдзі, якая ня лічыць магчымым аддаць распараджэньне шараговым канваірам ва ўласным судзе, на працэсе, дзе яна старшынюе, і пакласьці канец зьдзекам, жорсткаму абыходжаньню ў дачыненьні да абвінавачаных, выдатна ілюструе месца судовай улады ў Беларусі. Яшчэ гэта выдатна ілюструе ўласныя перакананьні судзьдзяў і іх стаўленьне да правоў чалавека. Але чаго можна чакаць ад людзей, якія залежаць ад выканаўчай улады, якія арганізоўвалі судовыя канвэеры ў ізалятарах на Акрэсьціна пад гукі ўдараў дубінак і крыкі ахвяр катаваньняў? Ад судзьдзяў, якія на поўным сур’ёзе ўпісваюць у прысуды паказаньні людзей, атрыманыя пад катаваньнямі, і спасылаюцца на адсутнасьць паўнамоцтваў па арганізацыі расьсьледаваньня гэтых катаваньняў?» — кажа Павал Сапелка.
Юрыст акцэнтуе ўвагу на тым, што гэта тычыцца і супрацоўнікаў аддзелаў унутраных спраў, якія пад выглядам клопату аб бясьпецы стварылі катавальныя ўмовы для людзей, якіх увогуле не павінна быць там, у залі, на гэтым месцы.
«Катаваньні і жорсткае абыходжаньне нельга апраўдаць наогул нічым, вінаватыя ў іх будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Тэрміна даўнасьці па злачынствах супраць чалавечнасьці няма», — адзначае Павал Сапелка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля суду па «справе Вясны» затрымалі расейскую праваабаронцу — ёй прысудзілі 15 дзён арышту«Улады мараць, каб нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ў судзе ўпаў на калені, пакаяўся»
Былы адвакат Міхаіл Кірылюк зьвяртае ўвагу на тое, што для ўлады зараз самыя небясьпечныя ворагі — праваабаронцы і журналісты, якіх масава прызнаюць экстрэмістамі. І помсьцяць ім вельмі жорстка, прызначаюць вялікія тэрміны.
«Некалі жартавалі, што ў Лукашэнкі самыя небясьпечныя „хабарнікі“ — гэта дактары і настаўнікі. Дык цяпер самыя небясьпечныя „экстрэмісты“ — гэта журналісты і праваабаронцы.
Натуральна, гэта такі прэсінг. Больш як з трох тысяч людзей, якія сядзяць па палітычных артыкулах, толькі двое зь вядомых пайшлі на супрацоўніцтва з адміністрацыяй Лукашэнкі — Васкрасенскі і Пратасевіч. Гэта вельмі абурае ўлады. Яны не адчуваюць сябе пераможцамі. Ім вельмі б хацелася, каб большасьць пакаялася. Улады мараць, каб нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ў судзе ўпаў на калені, пакаяўся, прызнаўся ў любові да Лукашэнкі і „рускага міру“. Вось так нізка помсьцяць — тымі ж кайданкамі», — перакананы былы беларускі адвакат Міхаіл Кірылюк.
«Стаўленьне да беларускай мовы ў турмах такое ж, як і да саміх „экстрэмістаў“»
Як беларуса спадара Кірылюка вельмі абурыла, што судзьдзя Марына Запасьнік адхіліла хадайніцтва праваабаронцаў, каб працэс вёўся па-беларуску.
«Гэта для мяне прыкмета каляніяльнай палітыкі. Уявіце, як у Індыі Махатму Гандзі схапілі і прымусілі ў судзе гаварыць па-ангельску: маўляў, „ты ў ангельскім судзе“. Калі працягваць гэтую аналёгію, то Англія хаця б брала на сябе адказнасьць, калі ўводзіла ангельскую адміністрацыю на індыйскія землі. А ў Беларусі зараз такая гібрыдная калянізацыя, калі беларускую мову зьнішчаюць.
Стаўленьне да беларускай мовы ў турмах такое ж, як і да саміх „экстрэмістаў“. Калі ты ўжываеш беларускую мову, то адразу ставяцца як да палітычнага: ты экстрэміст, ты схільны да ўцёкаў.
І наагул, калі чалавек гаворыць па-беларуску, на яго цяпер глядзяць як на сэпаратыста, які хоча аддзяліць кавалак нашай зямлі ад Расеі», — мяркуе Міхаіл Кірылюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзіла Някляева, быў абвінаваўцам у справе «Рэгнума». Што вядома пра судзьдзю і пракурора ў працэсе нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага