На Сахаліне праз выбух бытавога газу абрынуўся пад’езд жылога дома. Сярод загінулых — чацьвёра дзяцей

У пяціпавярховым доме ў пасёлку Тымоўскі Сахалінскай вобласьці ў выніку выбуху абрынуўся падʼезд. Паводле папярэдняй вэрсіі МНС, узарваўся бытавы газ.

Паводле апошняй інфармацыі, загінулі дзевяць чалавек, у тым ліку чацьвёра дзяцей, паведаміў губэрнатар Сахалінскай вобласьці Валерый Лімарэнка.

Ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы і шукаць людзей.

«Паводле папярэдніх дадзеных, адбылася дэтанацыя газавага балёна на бальконе адной з кватэр. Перапады тэмпэратур маглі спрыяць яго разгермэтызацыі», — паведамілі агенцтву «Інтерфакс» у экстраных службах.

Пракуратура Сахалінскай вобласьці пачала праверку па факце выбуху. На месцы знаходзіцца раённы пракурор. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб прычыненьні сьмерці і пашкоджаньні маёмасьці па неасьцярожнасьці.

Паведамляецца, што жыхары дапамагаюць ратавальнікам разьбіраць завалы.

Для жыхароў пацярпелага дома арганізаваны пункт часовага разьмяшчэньня.