«Беларусы залежныя ад чужых думак, але забываюцца прыслухацца да саміх сябе». Блогер «Тутэйшы Шляхціч» апавядае пра сябе і беларускі ютуб

Усяслаў Пашкевіч

Паразмаўлялі з блогерам Усяславам Пашкевічам пра ягоны праект «Тутэйшы Шляхціч», як ён пачаў захапляцца гісторыяй Беларусі, якую дзейнасьць вядзе ў Кракаве, а таксама аб працы над фільмам пра полк Кастуся Каліноўскага.

Усяслаў Пашкевіч — блогер «Тутэйшы Шляхціч», які займаецца папулярызацыяй беларускай гісторыі, культуры, мовы, вядзе свой YouTube-канал і іншыя сацсеткі. Таксама хлопец выступае як вядоўца ў палітычна-інфармацыйным праекце «Гэта Менск, дзетка».

«Мне захацелася, каб атмасфэра БНР-100 пашырылася на ўсю Беларусь»

Усяслаў кажа, што ў яго два родныя гарады — Менск і Полацак: у першым ён нарадзіўся, а ў другім правёў усё сваё дзяцінства. У ліпені 2021 году хлопцу давялося ўцякаць зь Беларусі ад палітычнага перасьледу .

«Мне дапамог выехаць Free Belarus Center. Я паехаў спачатку ва Ўкраіну, а празь месяц пераехаў у Польшчу. Вось у Кракаве я амаль паўтара года жыву. Тут ладжу беларускія вячоркі, каб гуртаваць людзей, яднаць вакол беларускіх каштоўнасьцяў, узгадоўваць нацыянальную самасьвядомасьць. Тое ж самае я рабіў у 2019 годзе ў Траецкім прадмесьці, дзе разам зь сябрамі мы ладзілі падобнае. Значыць, я прысьвяціў сваё жыцьцё пашырэньню беларускай самасьвядомасьці, мовы, гісторыі».

Усяслаў Пашкевіч

Усяслаў кажа, што да 2018 году амаль нічога ня ведаў пра беларускую гісторыю і культуру, але потым усё зьмянілася. Хлопец паступіў на спэцыяльнасьць «турагент», але ня ведаў, што стане яшчэ і экскурсаводам.

«Я пачаў шукаць спэцыяльнасьці і абраў „турагента“, падумаўшы: „О, файна. Турагенты падарожнічаюць, зарабляюць, пайду туды“. Што там будзе нешта зьвязанае з экскурсіямі, я даведаўся толькі калі паступіў. У нас былі краязнаўчыя прадметы, мы пачалі вывучаць гісторыка-культурную спадчыну, біяграфію нашых нацыянальных дзеячоў, традыцыі, звычаі. Мы вывучалі ўсё вельмі дасканала, па рэгіёнах — дзе якія сьвяты адзначаюць і іншае. Я гэтым так захапіўся! Асабліва мяне ўразіла, наколькі аддана нашыя нацыянальныя дзеячы рабілі нешта для Беларусі коштам уласнага жыцьця. Мне стала крыўдна, што я ў той момант нават два словы па-беларуску ня мог зьвязаць».

Вельмі моцна паўплывала на Ўсяслава сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР ў 2018 годзе, кажа ён.

«Гэта было нешта надзвычайнае, бо я да таго моманту беларускі сьцяг бачыў толькі ў 2016 годзе, калі выпадкова трапіў на мітынг. Тады я нават ня ведаў, што адбываецца — ні пра рэпрэсіі, ні пра палітычную сытуацыю, хоць мне з самага дзяцінства бацькі расказвалі, што беларускі сьцяг — бел-чырвона-белы. Калі я нядаўна пераглядаў здымкі зь мітынгу, толькі цяпер заўважыў, што на адным фота была Ніна Багінская. А ў 2018-м я пабачыў безьліч нашых сьцягоў, „Пагоню“, са сцэны гучыць беларуская мова. А калі зайгралі „Nizkiz“, гэта быў разрыў усіх шаблёнаў! Быў нейкі стэрэатып у асяродзьдзі, маўляў, па-беларуску нічога няма, толькі „Песьняры“. А тут я пабачыў гурт, які вельмі прафэсійна сьпявае па-беларуску, вельмі крута».

Усяслаў так захапіўся, што некалькі месяцаў запар слухаў выключна беларускую музыку.

«Я пабачыў, як у людзей палаюць вочы на Дні волі, звычайна ў людзей такіх пачуцьцяў гонару і годнасьці няма. Мне тады захацелася, каб атмасфэра БНР-100 каля Тэатру опэры і балету пашырылася на ўсю Беларусь».

Пасьля гэтага Ўсяслаў пачаў ладзіць выязныя экскурсіі па ўсёй краіне, беларускія вячоркі ў Траецкім прадмесьці. Разам зь сябрам Усяслаў зрабіў шэраг відэа «Невядомы Менск», дзе яны расказвалі пра зьнішчаную спадчыну гораду.

«У мяне ўзьнікла ідэя стварыць відэа пра гісторыю Беларусі, пра гісторыка-культурную спадчыну. У 2018 годзе я даведаўся пра „Арт Сядзібу“, прайшоў іх „Мова Чэлендж“ і пачаў рабіць відэа па-беларуску. Вакол „Арт Сядзібы“ заўсёды тусавалася крэатыўная, творчая нацыянальна-арыентаваная моладзь, і было вельмі крута. Потым, у 2020 годзе, я трапіў у грамадзкую кампанію „Годна“, рабіў для іх шэраг выпускаў „Годная гісторыя“, быў апэратарам дзесьці, мантажыстам, сцэнарыстам. Таксама рабілі з Паўлам Каралёвым агульны праект „Месца сілы“, а з камандай — „Годны Тык-Ток“».

На фільмаваньні «Годнай Гісторыі» для грамадзкай кампаніі «Годна»

Цяпер разам зь сябрамі Ўсяслаў ладзіць беларускія вячоркі ў Кракаве, на якія прыходзяць шмат людзей, і паралельна займаецца сваім праектам «Тутэйшы Шляхціч».

Беларускія вячоркі ў Кракаве

«У праекце „Тутэйшы Шляхціч“ я займаюся папулярызацыяй беларускай гісторыі, культуры, ствараю відэакантэнт на ютубе , TikTok, таксама вяду суполку ў тэлеграме, дзе публікую шмат інфармацыі, ствараю свае ўласныя чэленджы. Гэтаксама люблю агучваць вершы, рабіць гістарычныя падкасты».

«Хачу, каб распаўсюджвалася думка, што культура Беларусі — шляхоцкая»

Псэўданім і назву праекту Ўсяслаў прыдумаў праз сваю сямейную гісторыю. Пачалося з таго, што хлопец разам з бацькамі аднавілі ўласны радавод і герб, і выявілася, што яны шляхоцкага паходжаньня.

«Я вырашыў закласьці такую мэтамарфозу: я расейскамоўны беларус, які не цікавіўся беларушчынай, наадварот, ёю захапіўся і прагне яе пашыраць. Атрымліваецца два сэнсы: як я перарос у такога чалавека і як захацеў зрабіць так, каб людзі таксама цікавіліся сваімі радаводамі. Я нават запусьціў невялічкі лякальны трэнд: мае сябры і падпісанты пачалі выстаўляць свае сямейныя гербы, хтосьці ў інтэрнэце знаходзіў сугучныя з прозьвішчам, а нехта пачаў корпацца ў архівах».

Фэст экскурсаводаў 2019. Усяслаў праводзіць экскурсію па Траецкім прадмесьці

Усяслаў лічыць, што беларуская культура і нацыя шляхоцкія.

«Звычайна, калі прыгадваюць беларускую культуру, продкаў-беларусаў, чамусьці кажуць пра вышыванку, сялянаў, а я хачу, каб распаўсюджвалася думка, што культура Беларусі — шляхоцкая, каб людзі ганарыліся, што гэта ў нас ёсьць. Варта заўважыць, што і ў Беларусі, і за мяжой беларусы носяць шляхоцкія прозьвішчы, але зусім ня ведаюць сваіх каранёў. Я кажу не пра магнатаў, бо ў нас было шмат дробнай шляхты, якая нічым не адрозьнівалася ад сялянаў вонкава, але пры гэтым захоўвала свае традыцыі, радавод, мела гербы. Гэта цэлы пласт культуры, вельмі цікавы і важны для нас».

Усяслаў на мітынгу супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі ў 2019 годзе. Побач палітзьняволены Мікола Дзядок

«Украінская аўдыторыя таксама любіць мой кантэнт»

У блогера ёсьць падпісанты з Украіны, якім падабаецца беларускамоўны гістарычны зьмест, які стварае Ўсяслаў.

«Прыемна, што ўкраінская аўдыторыя таксама любіць мой кантэнт, дагэтуль глядзіць і шчыра дзякуе. Рэакцыя вельмі станоўчая. На Ноч расстраляных паэтаў мы хадзілі ў Кракаве ўшанаваць памяць творцаў (тут нават ёсьць зямля, прывезеная з Курапатаў), з намі былі ўкраінцы, якія шчыра нам дзякавалі за тое, што мы захоўваем памяць, дзяліліся тым, што ў іх таксама ёсьць „Расстралянае Адраджэньне“. І ў нас зь імі вельмі цёплыя стасункі».

Мітынг у Кракаве, прысьвечаны Ночы расстраляных паэтаў

Усяслаў кажа, што спрэчкі на гістарычную тэму ўзьнікаюць пастаянна. Лічыць, што гэта добра, бо відаць, што людзі шчыра цікавяцца тэмай і ім ня ўсё адно.

«У іх унутры палае пачуцьцё несправядлівасьці»

Цяпер Усяслаў Пашкевіч працуе над фільмам пра полк Кастуся Каліноўскага.

«Мы ствараем яго як рэдакцыя „Гэта Менск, дзетка“. Разам з маім сябрам і таварышам Сяргеем, які мне мантуе выпускі для „Тутэйшага Шляхціча“, мы езьдзілі ў мінулым месяцы рабіць гэты фільм у Кіеў. Нашая задача — паказаць гледачу, што такое полк Каліноўскага, хто гэтыя людзі, якая ў іх матывацыя. Я быў прыемна ўражаны, бо там людзі вельмі крутыя, напрыклад сьпікерка „Чабор“ у жыцьці вельмі энэргічная, яна ўвесь час па-беларуску размаўляе, вельмі натхняе. Ёсьць „Булак“, які ўжо тры гады глядзіць мой канал „Тутэйшы Шляхціч“, што мяне вельмі зьдзівіла. Ён захапляецца беларускай гісторыяй, ганарыцца ёй, нават ягоная мянушка „Булак“ — адсылка да Булак-Балаховіча».

На здымках фільму пра полк Каліноўскага. Усяслаў побач з каліноўцам з пазыўным «Булак»

Усяслаў уражаны, што ў палку ёсьць зусім маладыя хлопцы.

«У іх унутры палае пачуцьцё несправядлівасьці: Беларусь вось так захапілі, акупавалі, ганьбяць, быццам яны акупанты. Гэтае пачуцьцё несправядлівасьці такое моцнае, што яны прыехалі і коштам уласнага жыцьця гатовыя змагацца за гонар Беларусі, потым яе вызваліць і нарэшце вярнуцца дамоў, да родных».

«Мая парада — прыслухацца нарэшце да саміх сябе, што мы хочам, што нам трэба»

Хлопец кажа, што цяпер шмат людзей ствараюць беларускамоўны зьмест у TikTok, у іншых сетках, але бракуе беларускіх праектаў у ютубе.

«Трэба, каб самі беларусы і беларускі прыходзілі на ютуб і рабілі кантэнт, бо попыт на беларускую мову ёсьць. Асабліва бракуе палітычна-інфармацыйных каналаў па-беларуску, якія б фармавалі прабеларускую пазыцыю, каб агучваліся пэўныя беларускія каштоўнасьці. Увогуле трэба ствараць зьмест на ўсіх кірунках, каб на ютуб прыходзілі новыя людзі і расказвалі ўсё, што яны хочуць. Напрыклад, паглядзелі фільм — няхай падзеляцца ўражаньнямі. Падабаецца музычны гурт? Можна зрабіць відэа „ТОП-5 гуртоў“. Проста цяпер ідзе „школа беларускіх блогераў“, у такіх ініцыятывах абавязкова трэба прымаць удзел, каб пашыраць беларускамоўны ютуб».

Усяслаў заўважае, што вельмі важна ладзіць і жывыя сустрэчы.

«Наша беларуская дыяспара ў Кракаве вельмі крутая, бо ўвесь час нешта адбываецца, нешта ладзім — і па-беларуску! А калі ў тваім горадзе няма імпрэзаў, што тады рабіць? Але калі ты сам праяўляеш ініцыятыву, хаця б сустрэцца для гульні ў настолкі па-беларуску, то гэта ўжо вялікая справа. Хтосьці пабачыць у кагосьці ў сторыз рэкляму — маўляў, сёньня настолкі па-беларуску, і вырашыць хаця б для цікавасьці прыйсьці. Ёсьць імавернасьць, што чалавек зацікавіцца беларускай мовай, гэта ўжо будзе невялічкая ўласна ваша перамога».

Беларусам цяпер важна гуртавацца і падтрымліваць адно аднаго, кажа Ўсяслаў.

«Варта памятаць, што ніхто, акрамя нас саміх, не зацікаўлены ў незалежнасьці Беларусі. Для гэтага нам варта аб’ядноўвацца, ствараць сілы, кантэнт па-беларуску, у дыяспарах на месцах ладзіць розныя беларускія варушнякі. Таксама ёсьць у нас, у беларусаў, такая рыса, што мы ўвесь час слухаем, хто і што пра нас скажа — нейкія іншаземцы, Меланіі, Кацы. Мы сапраўды залежныя ад гэтых думак, але забываемся прыслухацца да саміх сябе. Мая парада — прыслухацца нарэшце, што мы хочам, што нам трэба. Нашая галоўная мэта, каб была Беларусь вольнай, незалежнай, дэмакратычнай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Дранько-Майсюк: «Беларуская літаратура — самая лепшая ў сьвеце»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы замежжа могуць уплываць на перамены ў Беларусі