Міністэрства фінансаў ЗША раскрытыкавала дзяржавы-партнэры за павольныя тэмпы выдзяленьня дапамогі Ўкраіне

Джанэт Елен

Таксама кіраўніца амэрыканскага фінансавага ведамства незадаволеная скарачэньнем здабычы нафты.

Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен заявіла, што рашэньне групы OPEC+ аб скарачэньні здабычы нафты было «некарысным і неразумным» для сусьветнай эканомікі, асабліва для краін, якія разьвіваюцца. Яе словы прыводзіць газэта Financial Times.

«Мы вельмі занепакоеныя краінамі, якія разьвіваюцца, і праблемамі, зь якімі яны сутыкаюцца», — сказала Елен у інтэрвію газэце.

Яна таксама раскрытыкавала саюзьнікаў за тое, што яны павольна накіроўваюць Украіне фінансавую дапамогу.

«Тэмпы пераводу грошай ва Ўкраіну занадта павольныя», — дадала Елен, адзначыўшы, што некаторыя краіны, якія абяцалі дапамогу, нават не пасьпелі яе выдзеліць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Расея пры адступленьні пакідае Ўкраіне больш зброі, чым ёй пастаўляе Захад

Рашэньне OPEC аб скарачэньні здабычы нафты на 2 мільёны барэляў у суткі, пачынаючы зь лістапада, можа прывесьці да скачку цэнаў.

Падобны крок — найбуйнейшае скарачэньне здабычы нафты ад пачатку пандэміі COVID-19. Асноўнае скарачэньне, як чакаецца, будзе праведзена за кошт Саудаўскай Арабіі і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ зацьвердзіў восьмы пакет санкцый супраць Расеі, уключаючы абмежаваньне цэнаў на нафту. Беларусь ня згадваецца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны OPEC+ зьнізяць здабычу нафты, гэта можа прывесьці да росту цэнаў