Ва Ўкраіне выдалілі расейскіх і беларускіх пісьменьнікаў з праграмы навучаньня літаратуры ў сярэдняй школе

Бюст Аляксандра Пушкіна

Пра гэта 16 жніўня паведаміў сайт Міністэрства асьветы і навукі Ўкраіны.

«Са зьместу праграм выдалены творы расейскіх і беларускіх аўтараў. Затое дадаліся творы замежных пісьменьнікаў у адпаведнасьці зь літаратурным працэсам і з улікам узроставых асаблівасьцяў навучэнцаў», — адзначае ведамства.

У выніку рэформы, як паведамляе тэлеграм-канал by_culture, у навучальнай праграме ўкраінскіх школ застаўся толькі адзін беларускі аўтар — Сяргей Законьнікаў зь вершам «Бережи себе, Україно!». Гэта твор для дадатковага чытаньня ў 10-11 клясах з філялягічным профілем. Раней украінскія школьнікі таксама вывучалі «Альпійскую баляду» Васіля Быкава і — як творы для дадатковага чытаньня ў спэцыялізаваных клясах — вершы Янкі Купалы «Памяці Шаўчэнкі», «Украіна» і паэму «Тарасова доля».

Міністэрства адзначае, што ў школьным курсе «Замежная літаратура» ўсё ж будуць вывучацца творы пісьменьнікаў, якія пісалі на расейскай мове, але толькі тых, жыцьцё і творчасьць якіх былі «цесна зьвязаныя» з Украінай: Мікалая Гогаля, Уладзіміра Караленкі, Міхаіла Булгакава («Сабачае сэрца»). У сьпісе твораў для дадатковага чытаньня на ўроках пазакляснага чытаньня для ўкраінскіх школьнікаў на выбар настаўніка засталіся творы Ільфа і Пятрова («12 крэслаў») і Анатоля Кузьняцова («Бабін Яр»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З украінскай школьнай праграмы скрэсьлілі антываенны твор Васіля Быкава: «Улічваючы масавае ўварваньне расейскіх узброеных сілаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават не спрабуйце ствараць пляцоўкі для дыялёгу паміж украінскай і расейскай культурамі», — украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі беларусам