Што будуць рабіць ЗША і NATO, калі Расея скарыстае ядзерную зброю? Думкі пра непамыснае

«Калі Захад ня хоча здавацца — ці, што больш важна, калі ён перш за ўсё хоча стрымаць Пуціна ад ядзернага гамбіту — урадам трэба як мага больш пераканаўча паказаць, што ядзерны крок Расеі справакуе, а не запалохае NATO».

Адразу пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пагражаў краінам, якія падтрымаюць Украіну, наступствамі, «зь якімі яны не сутыкаліся ў сваёй гісторыі».

27 лютага, на чацьвёрты дзень вайны, Пуцін публічна загадаў прывесьці ў «адмысловы рэжым баявога дзяжурства» стратэгічныя ядзерныя сілы. Хоць афіцыйна такога рэжыму не існуе, прадстаўнікі Пэнтагону казалі, што сама па сабе гэтая заява робіць сытуацыю больш небясьпечнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае «адмысловае баявое дзяжурства» і хто ў Расеі прымае рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі. Тлумачыць вайсковы экспэрт

Большасьць заходніх экспэртаў пагаджаюцца, што імавернасьць выкарыстаньня Расеяй ядзернай зброі ў вайне з Ўкраінай вельмі нізкая. Але ў такім пытаньні нават нізкая імавернасьць — гэта надзвычай высокая рызыка.

Таму шмат хто шукае адказу на пытаньне, што варта рабіць Злучаным Штатам і NATO, калі Расея ўсё ж скарыстае ядзерную зброю.

Тры кепскія варыянты адказу

Дасьледчык Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку Рычард Бэтс піша ў часопісе Foreign Policy, што для кіраўніцтва ЗША існуюць тры варыянты дзеяньняў:

1. Рытарычна асудзіць выкарыстаньне ядзернай зброі, але не даваць ваеннага адказу.

2. Скарыстаць у адказ сваю ядзерную зброю

3. Далучыцца да ваенных дзеяньняў, выкарыстоўваючы масіўныя авіяўдары і сухапутныя сілы, але не выкарыстоўваць ядзернай зброі.

Паводле Бэтса, ніводзін з гэтых варыянтаў нельга назваць добрым, бо ў такой сытуацыі папросту ня можа быць нерызыкоўнага выйсьця. Аднак ён лічыць, што найменшым злом будзе трэці варыянт.

Авіяўдары і мабілізацыя

Бэтс піша, што ў амэрыканскіх палітыкаў і палітыкаў іншых краін NATO будзе моцная спакуса скарыстаць увесь магчымы арсэнал эканамічных санкцый, не даючы ваеннага адказу. Але такі падыход цалкам разьвязаў бы рукі Маскве, у тым ліку дазволіў бы ёй паўторна скарыстаць ядзерную зброю, каб цалкам захапіць Украіну.

«Калі Захад ня хоча здавацца — ці, што больш важна, калі ён перш за ўсё хоча стрымаць Пуціна ад ядзернага гамбіту — урадам трэба як мага больш пераканаўча паказаць, што ядзерны крок Расеі справакуе, а не запалохае NATO», — піша Бэтс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адказ на ядзерную пагрозу Пуціна ня будзе спрыяльным для яго, — амэрыканскі экспэрт у ядзернай бясьпецы

Далей ён тлумачыць рызыкі выкарыстаньня ядзернай зброі ў адказ. Інтуіцыйна здаецца, што найбольш адэкватным быў бы сымэтрычны адказ, які б зьнішчыў нешта ў Расеі, параўнальнае з тым, што было зьнішчана расейскім ударам. Але гэта можа прывесьці да павольнага абмену ўдарамі, у якім ніводзін з бакоў не захоча спыняцца.

Альтэрнатыва — нанесьці ў адказ больш маштабны ўдар. Але тут адразу некалькі праблем, піша Бэтс. Па-першае, калі нанесьці ўдар па расейскіх войсках ва Ўкраіне, дык гэта прывядзе да ахвяраў сярод саюзьнікаў. Калі ж адразу ўдарыць па тэрыторыі Расеі, дык гэта ўзмоцніць рызыку неабмежаванай ядзернай вайны.

Другая праблема ў тым, што Расея мае перавагу ў колькасьці тактычнай ядзернай зброі, і Злучаным Штатам можа спатрэбіцца скарыстаць так званыя стратэгічныя сілы (міжкантынэнтальныя ракеты і бамбавікі). А гэта таксама можа прывесьці да поўнага ўзаемнага зьнішчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на амэрыканскай «ваеннай гульні» ўхвалілі ядзерны ўдар па Беларусі і ці блізкія такія гульні да рэальнасьці

Таму лепшым варыянтам Бэтс называе бамбаваньні расейскіх вайсковых аб’ектаў звычайнай зброяй і мабілізацыю сухапутных войскаў для магчымага ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне. Пры гэтым, піша ён, палітыкі краін NATO мусяць падкрэсьліць, што сучасныя дакладныя тэхналёгіі зьнішчаюць вайсковыя абʼекты звычайнай зброяй ня менш эфэктыўна, чым ядзернай.

«Гэта прадэманстравала б выкарыстаньне Расеяй ядзерных удараў як яшчэ адно сьведчаньне ня толькі яе барбарства, але і яе ваеннай адсталасьці. Прамое ўступленьне ў вайну на звычайным узроўні не нэўтралізавала б паніку на Захадзе. Але гэта значыла б, што Расея сутыкнецца з пэрспэктывай ваяваць супраць NATO, якое істотна пераўзыходзіць яе ў няядзерных сілах, падтрымліваецца ядзерным патэнцыялам у адказ і менш схільнае стрымлівацца, калі Расея нанясе свае ядзерныя ўдары супраць сіл ЗША, а ня супраць Украіны.

Другое важнае паведамленьне, якое трэба падкрэсьліць, заключалася б у тым, што любое наступнае выкарыстаньне ядзернай зброі Расеяй выкліча ядзерны ўдар ЗША ў адказ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваенную дактрыну Беларусі можна проста выкінуць». Якія нормы і законы парушыў Лукашэнка, калі дазволіў нападаць са сваёй тэрыторыі

Бэтс дадае, што такі варыянт дзеяньняў будзе выглядаць слабейшым за ядзерны адказ і пры гэтым ня здыме рызыкі ўзаемнага ядзернага зьнішчэньня. Але, на ягоную думку, гэта будзе найменшым злом параўнальна з альтэрнатывамі.

Асымэтрычныя адказы

Генэрал-лейтэнант Дэл Дэйлі, які ўзначальваў Супольнае камандаваньне спэцыяльных апэрацый ЗША, і дасьледчык Лёнданскага ўнівэрсытэту Джэймс Фарвэл у выданьні The Defense Post таксама выступаюць супраць ядзернага адказу на магчымае выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі. Сярод іх прапановаў — так званыя асымэтрычныя адказы.

«Мы можам дапамагчы Ўкраіне цалкам патапіць Чарнаморскі флёт Расеі, у якім ёсьць авіяносцы з расейскай марской пяхотай. Гэта не прывядзе да цывільных ахвяраў», — даюць яны прыклад.

Пры гэтым першапачатковы адказ можа быць як з дапамогай украінскіх вайскоўцаў, гэтак і наўпрост з боку вайскоўцаў NATO, але ён павінен быць абмежаваны тэрыторыяй Украіны ці Чарнаморскім флётам, пішуць Дэйлі і Фарвэл. «У любым выпадку Пуцін павінен разумець, што выкарыстаньня ім ядзернай зброі цярпець ня будуць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якую вайну з Расеяй прагназаваў брытанскі генэрал і чым ад яе адрозьніваецца цяперашняя вайна ва Ўкраіне

Беспалётная зона?

Аўтар кнігі «Камандаваньне і кантроль», прысьвечанай гісторыі ядзернай зброі ў ЗША, Эрык Шлосэр у часопісе The Atlantic разглядае некалькі варыянтаў выкарыстаньня ядзернай зброі Расеяй.

1. Ядзерны выбух над Чорным морам, які не прывядзе да прамых ахвяр, але прадэманструе гатоўнасьць перайсьці ядзерную рысу.

2. Ядзерны ўдар па ўкраінскім кіраўніцтве са спробай забіць Уладзіміра Зяленскага і ягоных дарадцаў.

3. Ядзерны ўдар па вайсковым абʼекце — магчыма, па вайсковай базе ці складзе.

4. Разбурэньне ўкраінскага гораду з масавымі ахвярамі сярод цывільнага насельніцтва, што мае выклікаць жах і прывесьці да хуткай капітуляцыі — тыя ж матывы, якія былі ў амэрыканскага бамбаваньня Хірасімы і Нагасакі.

Шлосэр падкрэсьлівае, што адказ адміністрацыі Байдэна будзе залежаць ня толькі ад сцэнару выкарыстаньня ядзернай зброі Расеяй, але найперш ад таго, як гэты адказ можа паўплываць на далейшыя паводзіны Расеі — ці прымусіць ён Пуціна адступіць, ці той працягне эскаляцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі рэалістычны варыянт развалу Расеі? Адказвае палітоляг Аляксандар Марозаў

Шлосэр піша, што гутарыў з мноствам амэрыканскіх экспэртаў у нацыянальнай бясьпецы, і ўсе яны казалі, што ў выпадку расейскага ядзернага ўдару па Ўкраіне ЗША не павінны адразу адказваць ядзернай зброяй. Да прыкладу, былы амэрыканскі сэнатар Сэм Нан называе магчымымі крокамі ў адказ тое ж зьнішчэньне Чарнаморскага флёту Расеі ці ўвядзеньне беспалётнай зоны над Украінай, нават калі гэта будзе ўключаць у сябе зьнішчэньне сродкаў супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ЗША і NATO ня хочуць уводзіць беспалётную зону над Украінай. Тлумачыць амэрыканскі генэрал

Ад тэорыі да практыкі

Пакуль што гаворка ішла пра рэкамэндацыі экспэртаў, хоць некаторыя зь іх маюць сувязі зь цяперашняй адміністрацыяй ЗША. Але да чаго схіляюцца тыя палітыкі, якія цяпер прымаюць рашэньні?

Амэрыканскі тэлеканал NBC апытаў ня толькі экспэртаў, але і шэраг былых і цяперашніх урадоўцаў на ўмовах ананімнасьці. Паводле іх, у цяперашняй адміністрацыі ЗША, як і ў ранейшых, няма згоды пра крокі, які варта рабіць у адказ на магчымы расейскі ядзерны ўдар па Ўкраіне.

Адзін з апытаных урадоўцаў сказаў NBC, што адказ будзе ў значнай ступені залежаць ад сцэнару выкарыстаньня ядзернай зброі Расеяй. Некаторыя з гэтых сцэнараў вышэй апісваў Эрык Шлосэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта баяцца амэрыканска-кітайскай вайны за Тайвань? Тлумачым

Пры гэтым апытаныя лічаць, што выкарыстаньне ядзернай зброі прывядзе Расею да поўнай ізаляцыі ў сьвеце, у тым ліку з боку Кітаю.

Цалкам выключаць выкарыстаньне ядзернай зброі ЗША ў адказ нельга, але апытаныя пераважна лічаць, што адміністрацыя Байдэна альбо адкажа звычайнымі ўзбраеньнямі, альбо ўвогуле абмяжуецца палітычнымі крокамі.