Украіна плянуе абавязковую эвакуацыю з Данецкай вобласьці перад ацяпляльным сэзонам

Дом у Бахмуце Данецкай воюласьці пасьля расейскага абстрэлу

Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны, міністарка рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заявіла, што перад пачаткам ацяпляльнага сэзону эвакуацыя насельніцтва зь неакупаваных раёнаў Данецкай вобласьці будзе абавязковай.

Яна патлумачыла, што ў Данецкай вобласьці няма газазабесьпячэньня.

«На жаль, вораг зноў і зноў зьнішчае ўсё, што магло б сагрэць людзей зімой. Адсутнічае належнае электразабеспячэньне. Адным словам, цяпла зімой у Данецкай вобласьці не будзе. У 33 артыкуле Кодэксу аб грамадзянскай абароне насельніцтва менавіта такая форма эвакуацыі сказана як абавязковая. Лічу, што гэта абавязак кожнага дарослага члена сям’і. У Данецкай вобласьці 52 тысячы дзяцей, іх трэба эвакуаваць, нельга іх падвяргаць сьмяротнай небясьпецы зімой безь цяпла, сьвятла, без магчымасьці сагрэцца», — сказала Верашчук у эфіры ўкраінскага тэлемарафону.

Паводле яе слоў, з Данецкай вобласьці давядзецца эвакуаваць ня менш за 200-220 тысяч мясцовых жыхароў. Яна адзначыла, што ў грамадзян будзе магчымасьць пісьмова адмовіцца ад эвакуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ідэнтыфікавала 5600 дзяцей, прымусова дэпартаваных у Расею