Reuters: Расейскія войскі занялі ЧАЭС дзякуючы ўкараненьню сакрэтных агентаў

Акопы, выкапаныя расейскімі вайскоўцамі на тэрыторыі Рудога лесу каля Чарнобыльскай АЭС падчас акупацыі гэтай тэрыторыі

Расейскія войскі занялі Чарнобыльскую атамную электрастанцыю ў першы дзень вайны ў рамках даўняй апэрацыі Крамля па ўкараненьні сакрэтных агентаў.

Гэта высьветліла агенцтва Reuters, правёўшы журналісцкае расьсьледаваньне.

Паводле пяці крыніц Reuters, вайсковыя спэцыялісты з атачэньня Ўладзіміра Пуціна лічылі, што дзякуючы сакрэтным агентам Расеі спатрэбяцца толькі невялікая частка арміі і некалькі дзён, каб прымусіць адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ўцячы або капітуляваць.

На момант уварваньня, як заявіў агенцтву сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў, расейскія агенты дзейнічалі ў дзяржаўных структурах абароны, бясьпекі і праваахоўных органах Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CIA: мы загадзя атрымалі зьвесткі аб падрыхтоўцы ўварваньня РФ ва Ўкраіну

Украінскія сьледчыя расьсьледуюць, наколькі законна байцы Нацгвардыі Ўкраіны склалі зброю пры нападзе на Чарнобыльскую АЭС. З судовых дакумэнтаў, вывучаных Reuters, вынікае, што начальніка службы бясьпекі ЧАЭС Валянціна Вітэра падазраюць у тым, што 24 лютага ён самавольна пакінуў сваю пасаду. Таксама яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. Вітэр паведаміў сьледчым, што ў дзень уварваньня параіў камандзіру Нацгвардыі «пашкадаваць людзей».

Адна з крыніц, знаёмая з плянамі ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, заявіла Reuters, што ў 2021 годзе на Чарнобыльскую АЭС накіравалі расейскіх агентаў, каб падкупіць чыноўнікаў і падрыхтаваць глебу для бяскроўнага захопу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнобылі ўпершыню пасьля пачатку вайны ва Украіне запрацавалі радыяцыйныя дэтэктары