Улады Літвы забаранілі патрыярху Кірылу ўезд у краіну

Патрыярх Кірыл (зьлева) зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу

Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу забаранілі ўезд у Літву.

Пра гэта паведамляе Delfi са спасылкай на паведамленьне Міністэрства замежных спраў Літвы.

Паводле паведамленьня, рашэньне аб уключэньні Кірыла ў сьпіс непажаданых асоб было прынятае яшчэ 23 чэрвеня. У камэнтары літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства кіраўнік РПЦ названы «адным з найбольш актыўных прыхільнікаў вайны супраць Украіны» і блізкім паплечнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўвяла санкцыі супраць патрыярха Кірыла і расейскіх прапагандыстаў

Патрыярх Кірыл у сваіх казанях і выступах пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну неаднаразова гаварыў пра тое, што «Расея ніколі ні на кога не нападала», і вінаваціў у распальваньні канфлікту краіны Захаду і нейкія антыцаркоўныя сілы. Ён таксама казаў, што расейскія вайскоўцы ва Ўкраіне абараняюць краіну.

  • Літва ўваходзіць у шэнгенскую зону. Асабовыя зьвесткі патрыярха Кірыла, відаць, павінны зьявіцца ў Шэнгенскай інфармацыйнай сыстэме, аднак іншыя краіны, якія ўваходзяць у шэнгенскую зону, могуць не кіравацца нацыянальнай забаронай. Раней Вугоршчына дамаглася таго, каб патрыярха Кірыла ня ўносілі ў санкцыйны сьпіс ЭЗ. Патрыярх, аднак, уключаны ў санкцыйныя сьпісы ЗША і Канады. Пра тое, каб Кірыл зьбіраўся ў замежную паездку ў Літву ці іншыя краіны ЭЗ, нічога не вядома.