Брытанская выведка: Войскі РФ рызыкуюць страціць наступальны імпульс на Данбасе

Расейскія войскі. Крым

За апошнія тры дні расейскія войскі на Данбасе не дасягнулі істотнага прасоўваньня і рызыкуюць страціць наступальны імпульс, паведаміла ў твітары Міністэрства абароны Вялікабрытаніі са спасылкай на дадзеныя сваёй выведкі.

У допісе гаворыцца, што расейскія войскі працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары па шырокім фронце і дзе-нідзе зьвяртаюцца да выпрабавальных наступальных манэўраў невялікімі групамі колькасьцю ўзроўню рот і ўзводаў.

«Аднак за апошнія 72 гадзіны яны не дасягнулі значнага тэрытарыяльнага прасоўваньня і рызыкуюць страціць імпульс, які мелі пасьля ўзяцьця Лісічанска», — гаворыцца ў паведамленьні.

У ведамстве гавораць, што састарэлая тэхніка, зброя і савецкая тактыка, якая прымяняецца расейскімі войскамі, не дазваляюць ім хутка аднавіць або набраць тэмп, калі не пераважаць масай, чаго Расея пакуль не можа прымяніць.

Таксама адзначаецца, што, нягледзячы на апошнія перамовы па экспарце збожжа і нядаўнюю пасьпяховую дамоўленасьць аб абмене палоннымі, пэрспэктывы шырэйшых перамоваў па завяршэньні вайны выглядаюць малаверагоднымі.

Цяпер Данбас і поўдзень Украіны больш за ўсё пакутуюць ад узброеных расейскіх нападаў. Украінскае войска наносіць удары па складах РФ з боепрыпасамі на акупаванай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўдарыць Украіна па Беларусі? Вось што кажа ўкраінскі палітоляг