«Партрэт Пуціна вісеў у кожнай камэры». Вызвалены ўкраінскі парамэдык Юлія «Тайра» Паеўская пра месяцы ў расейскім палоне

Украінскі парамэдык Юлія Паеўская

Украінскі парамэдык Юлія Паеўская, вядомая па пазыўным «Тайры», правяла некалькі месяцаў у расейскім палоне.Вайскоўцы РФ затрымалі яе ў сакавіку на выезьдзе з Марыюпаля. Крамлёўская прапаганда літаральна дэманізавала Юлію Паеўскую. Пра Тайру зьнялі фільм пад назвай «Жанчына па мянушцы Зьвер», пракрамлёўскія актывісты патрабавалі выдаць яе ў «ДНР», каб там яе пакаралі сьмерцю, але ў чэрвені Тайру перадалі Кіеву.

Пра тое, як яна трапіла ў палон, як там зь ёй абыходзіліся, а таксама як адбываўся працэс абмену, Юлія Паеўская распавяла ўкраінскай службе Радыё Свабода. Гутарка цалкам:

Пераказваем асноўнае з расповяду Юліі Паеўскай:

— Я арганізавала аўтобус, сабрала жанчын і дзяцей, якія былі ў падвале бальніцы, і плянавала давезьці іх да Запарожжа. Я была абсалютна ўпэўненая, што будзе як заўсёды, бо колькі разоў ужо валянтэры вывозілі цывільных. Праблемаў ніколі не было. Ну спынялі аўтобус, ехалі далей. Але ў той раз, мусіць, яны пазналі мяне адразу. Я думаю, што адразу. І нічога не тлумачачы, мяне забралі. Першы допыт быў праз тры дні. Гэта значыць, праз тры дні я была ў Данецку. Пачалі яны з таго, што я з «Азова», гэта злачынства для іх. Я ня стала ім хлусіць, я не з «Азова» і ніколі ў складзе «Азова» не была. Я пра гэта ім увесь час казала.

Яны спрабавалі ад мяне гэтае прызнаньне выціснуць. Але мяне бацькі вучылі ня хлусіць. І я ня хлусіла. Далей яны ўжо сплялі тую вэрсію, што я забіла бацькоў дзяцей, там двое сірот было ў тым аўтобусе.

— Цывільных, якіх вы хацелі вывезьці з Марыюпаля?

— Так, з-пад абстрэлаў, каб яны выжылі. Увесь час ідзе псыхалягічны ціск акрамя іншых спосабаў дазнаньня. Гэта самае страшнае, бо гэты ціск не спыняюць ніколі. Табе ўвесь час спрабуюць прамыць мозг. Мы сьпявалі гімн Расеі мінімум тры разы на дзень. Часам да дваццаці. Партрэт Пуціна вісеў у кожнай камэры. І яны правяраюць: калі гімн ня вывучаны — б’юць.

Камэра была тры на шэсьць мэтраў, там адначасова знаходзіліся 22 жанчыны больш за месяц, амаль два. Было дзесяць двухпавярховых нараў. Іх стан быў вельмі цяжкі.

— Вы казалі, што з вамі ў палоне была адна цяжарная жанчына на сёмым месяцы.

— Я дакладна ведаю, што яна там, яе яшчэ не абмянялі, і гэта вялікая праблема, мы павінны яе дастаць, як і ўсіх астатніх.

— Ці адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя, што на тэрыторыі «ДНР» вам магло пагражаць сьмяротнае пакараньне?

— Так, мне вылучылі абвінавачаньне па расстрэльным артыкуле. Не магу камэнтаваць, але гэта вельмі сьмешна. Я калі-небудзь раскажу, усе будуць доўга сьмяяцца. Абсурдныя абсалютна абвінавачаньні. І ў адзін дзень, ён ня быў на самай справе выдатным, адкрылася кармушка, вертухай сказаў: «Тайра, з рэчамі на выхад». Мяне пасадзілі ў машыну, вельмі акуратна вывелі зь мяшком на галаве, і калі мы ўжо адʼехалі на нармальную адлегласьць, я спытала, дзе мы едзем. Мне сказалі: «Цябе мяняюць». Усё. Далей расказваць не магу.