Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША назваў умову дыялёгу з Лукашэнкам

Дэрэк Гоґан

Саўдзел Лукашэнкі ў вайне ва Ўкраіне стаў больш відавочным для міжнароднай супольнасьці, а для пачатку размовы з ЗША яго рэжым павінен прадэманстраваць, што гатовы аддаліцца ад «жорсткай вайны Пуціна», заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні першы намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ў справах Эўропы і Эўразіі Дэрэк Гоґан, паведамляе «Зеркало».

Журналістка выданьня наведала прэс-канфэрэнцыю і задала Дэрэку Гоґану некалькі пытаньняў.

На пытаньне, ці ідуць нейкія кансультацыі ці перамовы зь Менскам у нейкай сфэры, ён адказаў:

«Што тычыцца размовы з гэтым чалавекам (Лукашэнкам. — Заўв. рэд), то ўсё, да чаго гутарка можа зьвесьціся, — гэта абмеркаваньне таго, як гэты ўрад, як Лукашэнка і яго рэжым спрыяюць ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. І таму любая размова, якая будзе весьціся зь любым удзельнікам гэтай вайны, заснаваная на галоўным прынцыпе: спыніце тое, што вы робіце, спыніце спробы ўзяць чужую зямлю сілай, спыніце спробы навязаць сваю волю ўкраінскаму сувэрэннаму ўраду, сувэрэннаму народу сілай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША заявіў пра дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на суму 800 мільёнаў даляраў

Дэрэк Гоґану падкрэсьліў, што цяпер ЗША «вельмі засяроджаныя» на падтрымцы дэмакратычных рэформаў у Беларусі і робяць гэта ня толькі з дапамогай дыпляматыі, але і «праз нашыя рэсурсы, праз грошы амэрыканскіх падаткаплатнікаў, каб падтрымліваць тых, хто мае альтэрнатыўныя погляды».

«І таму ўсё, што рэжым Лукашэнкі мог бы сказаць нам (што павінна стаць адпраўным пунктам размовы), гэта тое, што яны гатовы зрабіць, каб адмежавацца ад жорсткай вайны Пуціна», — дадаў ён.

На ягоную думку, вайна не адсунула «беларускае пытаньне» на другі бок, а наадварот — саўдзел Лукашэнкі ў ёй апошнім часам стаў толькі больш відавочным для міжнароднай супольнасьці.

«Я думаю, што тое, што мы робім і што спрабуем рабіць, — гэта падтрымліваць беларускі народ. Ён прадэманстраваў рашучасьць вызваліцца ад тыраніі», — адказаў Дэрэк Хоган на пытаньне, ці мае Захад «плян Маршала» для Беларусі.

На ягоны погляд, рашучасьць беларусаў «натхніла і матывавала ўсю нашу нацыянальную супольнасьць яшчэ больш узмацніць падтрымку беларускаму народу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці гатовы Захад уступіць у канкурэнцыю за Беларусь? Пра што гаварылі ў Эўрапарлямэнце

«Зь нядаўнім вылучэньнем большай колькасьці грошай (мы павялічылі дапамогу для беларускіх незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і гэтак далей) амэрыканскі народ прадэманстраваў нашу гатоўнасьць падтрымліваць людзей, пакуль яны рухаюцца ад аўтакратыі да сапраўднай дэмакратыі», — дадаў ён.