ААН: каля 10 мільёнаў украінцаў праз вайну пакінулі свае дамы ў пошуках бясьпекі

Чэргі з уцекачамі з Украіны на мяжы

У Офісе Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў зафіксавалі, што з 24 лютага, ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, украінскую мяжу на выезд перасеклі 8 792 763 грамадзяны, а з 28 лютага мяжу на ўезд ва Ўкраіну перасеклі 3 296 112 грамадзян.

Паводле зьвестак ААН, колькасьць уцекачоў з Украіны, якія зарэгістраваліся на часовую абарону або іншыя нацыянальныя праграмы абароны ў Эўропе, складае 3 610 805 грамадзян, і яшчэ 5 640 475 асобаў — індывідуальныя ўцекачы.

Публікуючы гэтую статыстыку, Офіс Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў адзначае, што ўсе гэтыя лічбы маюць прыблізны характар і складаюцца з тых, што перадалі ўкраінскія ўлады.

Экспэрты асобна падкрэсьлілі, што гэтая статыстыка адлюстроўвае «трансмежнае перамяшчэньне грамадзян, а ня іхную колькасьць». Вяртаньне ва Ўкраіну можа мець маятнікавы характар і не абавязкова сьведчыць пра ўстойлівае вяртаньне, паколькі «сытуацыя па ўсёй Украіне застаецца вельмі нестабільнай і непрадказальнай», — адзначаецца ў тлумачэньнях гэтай статыстыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна расьсьледуе больш за 21 тысячу ваенных злачынстваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам напісалі, што мы прыехалі ў канцлягер». Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца ўкраінскія ўцекачы ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дні і ночы на вакзале ў Пшэмысьлі. Як працуюць валянтэры на мяжы Ўкраіны і Польшчы