Расея спыніла ўдзел у васьмі пагадненьнях з Радай Эўропы

Будынак Рады Эўропы ў Стасбуры

Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін падпісаў пастанову, згодна з якой Расея спыняе свой удзел у частковых і пашыраных пагадненьнях Рады Эўропы.

Гаворка пра 8 пагадненьняў, удзел у іх спыняецца з 16 сакавіка:

  • група па міжнародным супрацоўніцтве па наркотыках і залежнасьцях,
  • частковае пагадненьне 1990 году, якое засноўвае Эўрапейскую камісію за дэмакратыю праз права,
  • частковае адкрытае пагадненьне Рады Эўропы па прагназаваньні, прадухіленьні і наданьні дапамогі ў выпадку стыхійных бедзтваў і тэхналягічных катастрофаў,
  • Эўрапейскі фонд падтрымкі сумеснай кінавытворчасьці і пракату кінэматаграфічных і аўдыёвізуальных работ,
  • Эўрапейская аўдыёвізуальная абсэрваторыя,
  • пашыранае частковае пагадненьне па спорце Рады Эўропы,
  • пашыранае частковае пагадненьне аб культурных маршрутах Рады Эўропы,
  • пашыранае частковае пагадненьне Савета Эўропы «Абсэрваторыя па выкладаньні гісторыі ў Эўропе».

Поўны тэкст дакумэнта апублікаваны на расейскім партале прававой інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея страціла сяброўства ў Радзе Эўропы пасьля нападу на Ўкраіну

Расея пачала працэдуру выхаду выхаду з Рады Эўропы 15 сакавіка пасьля таго, як Рада асудзіла ўварваньне расейскага войска ва Ўкраіну. Тады камітэт міністраў Рады Эўропы прыпыніў прадстаўніцтва Расеі ў арганізацыі, пазбавіўшы яе права ўдзелу ў рабоце самога камітэта, Парлямэнцкай Асамблеі і іншых органаў Рады.

Эўрапейскі суд па правах чалавека працягне лічыць Расею бокам у сваіх разьбіральніцтвах да 16 верасьня 2022 году. Тым часам прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін раней заявіў, што Масква больш ня мае намеру выконваць рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Дзярждумы: Расея перастане выконваць рашэньні Эўрапейскага суду ў правах чалавека