Прэзыдэнт ЗША падпісаў закон пра ўзмацненьне кантролю над зброяй

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў найбольш значны за некалькі дзесяцігодзьдзяў закон аб узмацненьні мер бясьпекі ў сфэры абароту стралковай зброі.

Дакумэнт стаў вынікам двухпартыйнага кампрамісу, які было складана ўявіць да нядаўніх некалькіх выпадкаў масавай страляніны, у тым ліку гібелі 19 дзяцей і двух іх настаўнікаў у школе гораду Ювалд у Тэхасе, адзначае агенцтва Associated Press.

Падпісаны закон кіраўнік Белага дому назваў «гістарычным дасягненьнем». Ён адзначыў, што хаця дакумэнт і не прадугледжвае ўсяго, чаго б ён хацеў, але ўключае меры для выратаваньня жыцьцяў, да якіх цяперашні амэрыканскі прэзыдэнт даўно заклікаў.

Новы закон, у прыватнасьці, абавязвае ўзмацніць праверкі біяграфічных зьвестак у пакупнікоў зброі ва ўзросьце ад 18 да 21 году, забараняе асобам, асуджаным за злачынствы, зьвязаных з бытавым гвалтам, набываць зброю на працягу як мінімум пяці гадоў. Ініцыятыва таксама робіць фэдэральным злачынствам набыцьцё і кантрабанду стралковай зброі праз падстаўных асоб, патрабуе абавязковай рэгістрацыі ў фэдэральным рэестры для гандляроў зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: «Вы бачылі, што Пуцін робіць у Беларусі. Калі б мы дазволілі яму дзейнічаць, усю Эўропу чакаў бы хаос»

На рэалізацыю прапісаных у законе мер мае быць выдаткавана 13 мільярдаў долараў. Частка гэтай сумы пойдзе на фінансаваньне праграм па ахове псыхічнага здароўя, на дапамогу школам, дзе былі выпадкі масавай стральбы, у тым ліку ў Ньютаўне (штат Канэктыкут) і ў Парклэндзе (штат Фларыда). Таксама прадугледжана выдзяленьне штатам грантаў на часовае адабраньне агнястрэльнай зброі ў асоб, якія, на думку ўладаў, ствараюць пагрозу для сябе і навакольных.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША канчаткова ўхваліла дакумэнт у пятніцу, на наступны дзень пасьля таго, як аналягічнае рашэньне прыняў Сэнат. Мінулым разам Кангрэс прымаў падобныя меры ў 1993 годзе, забараняючы штурмавую зброю, але з таго часу гэтая забарона страціла сілу.

Джо Байдэн паставіў пад законам подпіс напярэдадні двух самітаў у Эўропе — сустрэчы лідэраў «Вялікай сямёркі» ў Нямеччыне і саміту NATO ў Мадрыдзе.