У Менску ўпершыню за 2 гады праходзіць каталіцкая працэсія Божага Цела. Відэа

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Шэсьце Божага Цела ў Менску 29 траўня 2016 году

Сотні каталіцкіх вернікаў выйшлі 29 траўня ў цэнтар Менску на традыцыйны хрэсны ход перад сьвятам Божага Цела.

Маршрут ідзе па праспэкце Незалежнасьці ад Залатой Горкі да Чырвонага касьцёла. Відэа шэсьця апублікаваў тэлеграм-канал «Мотолько помоги».

Сёлета менскія ўлады дазволілі католікам правесьці шэсьце Божага Цела. Апошнія два гады ў Менску агульнагарадзкія шэсьці не праводзіліся — афіцыйнай прычынай улады называлі пандэмію каранавірусу.

Сьвяткаваньне Цела і Крыві Хрыста, якое звычайна адзначаецца правядзеньнем хроснага ходу, у 2022 годзе прыпадае на 16 чэрвеня. Аднак у Менску працэсіі Божага Цела прынята праводзіць у апошнія выходныя траўня — перад пачаткам канікулаў і сэзону адпачынкаў, каб у іх маглі ўзяць удзел як мага больш вернікаў.

У хросных хадах Божага Цела ў Менску звычайна ўдзельнічаюць тысячы чалавек, таксама яны праходзяць у абласных і раённых цэнтрах і ў вёсках, дзе ёсьць каталіцкія парафіі. Сэнс працэсіі — публічнае сьведчаньне сваёй веры і набліжэйньне вернікаў да таемства эўхарыстыі.