У Афганістане ў двух тэрактах загінулі як мінімум 11 чалавек

Пасьля выбуху ў Мазары-Шарыфе, 25 траўня 2022

У выніку выбуху ў мячэце ў Кабуле загінулі сама меней двое вернікаў і яшчэ трое ў пасажырскіх аўтобусах у горадзе на поўначы краіны. Адказнасьць за выбухі на поўначы краіны ўзяла на сябе мясцовая ячэйка «Ісламскай дзяржавы».

25 траўня ў Афганістане прагрымела сэрыя выбухаў. Дзевяць чалавек загінулі ў выніку тэракту ў горадзе Мазары-Шарыф на поўначы краіны, а ў выніку выбуху ў мячэці ў сталіцы загінулі сама меней два чалавекі, паведамляе Al Jazeera.

Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў Афганістану, два чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі раненьні ад выбуху падчас вячэрняй малітвы ў мячэці ў Кабуле. Па дадзеных кабульскай лякарні хуткай дапамогі, колькасьць загінулых значна большая — пяць чалавек загінулі ў мячэці, яшчэ 22 атрымалі раненьні. Па словах відавочцаў, некалькі машын хуткай дапамогі прыбылі ў мячэць, каб перавозіць пацярпелых ад выбуху.

У Мазары-Шарыфе тэрарысты заклалі выбуховыя прыстасаваньні ўнутр пасажырскіх аўтобусаў. У выніку выбухаў загінулі дзевяць чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненьні.

«Бомбы былі закладзеныя ў тры мікрааўтобусы ў розных частках гораду», — сказаў Махамад Асіф Вазіры, прызначаны прадстаўнік талібаў у правінцыі Балх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Талібы забілі або выкралі больш за 100 экс-супрацоўнікаў афганскіх сіл бяспекі, якім абяцалі амністыю — HRW

Адказнасьць за тэракты ў Мазары-Шарыфе ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава». Адказнасьць за выбух у мячэці ня ўзяў на сябе ніхто.

Радыкальны ісламісцкі рух «Талібан», які захапіў уладу ў Афганістане летась пасьля выхаду амэрыканскіх войскаў, ня здолеў спыніць экспансію ячэйкі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», баевікі якой цяпер прысутнічаюць ва ўсіх 34 правінцыях Афганістану. У прыватнасьці, гэта прадстаўнікі адгалінаваньня тэрарыстычнай сеткі пад назвай «Ісламская дзяржава ў правінцыі Харасан».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пры нападзе джыхадыстаў забіта 11 эгіпецкіх вайскоўцаў