Чаму вялікая Расея дзясяткі год не магла заваяваць маленькую Чачню

Гэты народ царская Расея не магла захапіць больш за паўстагодзьдзя. Бальшавікі, каб скарыць чачэнцаў, дэпартавалі іх з уласнай зямлі. Але і пасьля распаду СССР Расея ваявала з чачэнцамі да пачатку 2000-х.

У спэцыяльным праекце Свабоды «Самы адважны народ імпэрыі» мы раскажам пра стагодзьдзі барацьбы чачэнскага народу супраць расейскага панаваньня ў пэрыяд Расейскай імпэрыі, СССР і ў часы Расейскай Фэдэрацыі. У першай частцы гаворка пойдзе пра пачатак наступу Расеі на Чачню.

Сутнасьць расейскай агрэсіі супраць Чачні яшчэ ў XVIII стагодзьдзі сфармуляваў царскі генэрал Павел Пацёмкін: «Немагчыма скарыць чачэнцаў, акрамя як цалкам іх зьнішчыць». Паводле гэтай формулы і вялася барацьба супраць чачэнцаў. Але бессэнсоўнасьць гэтай барацьбы мусіў канстатаваць яшчэ ў тым жа стагодзьдзі камандзір Курынскага палку Георгій Казьбек, які адзначаў, што «ніводная з народнасьцяў вялікага чачэнскага племені не была падуладная царызму». Але і праз 150 гадоў пасьля гэтага Аляксандар Салжаніцын у сваёй кнізе «Архіпэляг ГУЛАГ» назваў чачэнцаў адзінай нацыяй, якая адмовілася скарыцца савецкай уладзе, нацыяй, якая паказала, «што можна не паміраць, а змагацца супраць гэтай улады і дамагчыся перамогі над ёю».

Як так сталася, што маленькі народ у гарах Паўночнага Каўказу стагодзьдзямі не скараўся магутнай імпэрыі? Разабрацца ў гэтым нам дапаможа Майрбэк Вачагаеў.

Майрбэк Вачагаеў

Хто такі Вачагаеў:

  • нарадзіўся ў 1965 годзе ў Чачні
  • чачэнскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, аўтар васьмі кніг
  • былы генэральны прадстаўнік Ічкерыі ў Расеі, былы палітвязень
  • былы прэс-сакратар і дарадца прэзыдэнта Ічкерыі Аслана Масхадава
  • жыве ў Парыжы

Ці быў у гісторыі чачэнцаў свой «старэйшы брат»

«Асаблівасьцю Чачні сярод гісторыкаў лічыцца тое, што чачэнцы не ўваходзілі ні ў якія дзяржавы. Побач, яшчэ да мангола-татараў, была вельмі моцная дзяржава — Грузінскае царства. Асабліва ў пэрыяд Тамары гэта была дзяржава, якая распаўсюджвала свой уплыў на бліжэйшыя народы. Але зноў жа — не на Чачню. Асэтыны, напрыклад, больш-менш прынялі хрысьціянства, бо грузіны змаглі на іх паўплываць. У Чачні хрысьціянства не распаўсюдзілася, хоць спробы былі. У гарах нават пабудавалі некалькі маленькіх цэркваў, але на тым усё і скончылася. Грузіны прыйшлі, паспрабавалі, не атрымалася, сышлі. Мангола-татары ў горы не падымаліся. То бок у пэрыяд мангола-татарскага нашэсьця чачэнцам давялося сысьці з раўніны і падняцца ў горы. Кабардзінскае княства, якое было больш-менш моцным на Паўночным Каўказе, лічыла за гонар, калі нейкая чачэнская вёска запрашала княжыць менавіта кабардзінца. Чачэнцы запрашалі, але маглі і выгнаць. Як толькі князю здавалася, што ён ужо князь, чачэнцы казалі яму: «З чым прыйшоў, з тым і пойдзеш».

Вартавая вежа ў чачэнскай вёсцы

Чаму ў чачэнцаў не было ўласных князёў

«Лічылася, што чачэнец ня можа быць над чачэнцам. Гэта псыхалёгія чачэнскага грамадзтва. Гісторыкі і этнографы лічаць чачэнцаў бясклясавым грамадзтвам. То бок не было князёў, багацеяў, у вёсцы ўсе былі роўныя. Так было стагодзьдзямі.

Чачэнцам быў першым імам Паўночнага Каўказу шэйх Мансур, які ваяваў супраць Расеі. Але да пачатку Каўкаскай вайны чачэнцы яго не падтрымалі, менавіта таму ён пайшоў у Анапу, да адыгейцаў. Гэта адыгі яго прызналі і зрабілі шэйхам-імамам. Чачэнцы на яго глядзелі як на адукаванага чалавека ў ісламскім паняцьці, што ён прапаведуе слушныя рэчы, ня піць, не курыць і г. д. Прызнаць Шаміля (лідэр супраціву расейцам у XIX ст. — РС) было лягчэй, чым свайго, бо Шаміль быў дагестанцам, аварцам».

Імам Шаміль

Што аб’ядноўвала чачэнцаў як народ, калі ў іх не было ўласнай дзяржавы

«Ажно да заваёвы Чачні Расеяй у 1859 годзе чачэнцы жылі паводле кланавага ладу. Тэйп — гэта клан, якія абʼядноўвае сваякоў. Гэта магла быць вёска або некалькі вёсак, але яны лічыліся сваякамі і маглі лічыць сваяцкім іншы клан, які жыў побач. Гэтае сваяцтва вызначалася па мове, па традыцыі, па звычаях, якія існавалі ў гэтым рэгіёне. У выніку чачэнская мова абʼядноўвала ўсе гэтыя кланы. То бок няма клану, які б не размаўляў на чачэнскай мове. Наадварот, ёсьць кланы, якія ачачэніліся — чаркесы, аварцы, нагайцы і г. д. Але няма чачэнцаў, якія б акабардзініліся або сталі аварцамі».

Што такое чачэнская мова

«Гэта мова каўкаскай моўнай сям’і, не індаэўрапейскай. На Каўказе ёсьць толькі два народы, чые мовы індаэўрапейскага паходжаньня, — гэта армяне і асэтыны. Усе іншыя — каўкаскія, за выключэньнем цюркаў, то бок кумыкаў, нагайцаў, балкарцаў і карачаеўцаў. Каўкаская сям’я — гэта грузіны, аварцы, даргінцы, адыгі і чачэнцы. Але чачэнец не зразумее іншыя каўкаскія мовы. А іншыя не разумеюць, пра што размаўляем мы. Да савецкага часу мовай міжэтнічных зносінаў была кумыцкая, бо яна даволі простая».

Калі і навошта на Чачню пачалі наступаць расейцы

«Пасьля таго як Расея заключыла абарончую дамову з грузінскім царствам і калі яно фактычна стала часткай Расейскай імпэрыі. З гэтага моманту стасункі з Грузіяй сталі для Расеі праблемай, паколькі яна была аддзеленая ад Расеі паўночнакаўкаскімі народамі. А ніводзін з гэтых народаў не падпарадкоўваўся Расеі. Тады і паўстала задача заваяваць гэтыя землі, каб мець выхад да грузінаў. Грузію, у сваю чаргу, яны ніяк не заваёўвалі. Грузіны папрасілі, і расейцы пагадзіліся паслаць туды армію ў выпадку нападу Ірану або Атаманскай імпэрыі. Бо ўся гісторыя грузінаў — гэта суцэльныя напады, то пэрсаў, то цюркаў. І для таго каб выжыць, цар Кахетыі прыняў рашэньне ўступіць у саюз з Расеяй. Расея падпісала гэтую дамову і, як заўсёды, заявіла праз два гады, што грузіны ўсё ня так зразумелі і што Расея мела на ўвазе, што яна забірае Грузію да сябе, то бок Грузія становіцца часткай Расеі.

Каўкаская вайна

Гэта быў канец XVIII стагодзьдзя. І менавіта ў той час Расея пачынае свае паходы ў Чачню».

Што такое Каўкаская вайна

«Гэта захопніцкая вайна Расеі супраць народаў Паўночнага Каўказу, якая адбывалася ад 1801 да 1859 году. Баявыя дзеяньні, па сутнасьці, пачаліся ўжо ў другой палове XVIII ст. Супраць расейцаў тады арганізавана выступіў шэйх Мансур, і ён прымусіў прыпыніць гэтае прасоўваньне да пачатку XIX стагодзьдзя. Нават пасьля таго як яго арыштавалі, і пасьля ягонай сьмерці ў 1794 годзе, расейская армія не ўваходзіла ў Чачню да пачатку XIX стагодзьдзя.

У 1801 годзе ў Пецярбургу прымаюць рашэньне, што Паўночны Каўказ павінен раз і назаўсёды стаць часткай Расейскай імпэрыі. І з гэтага моманту пачынаецца сталае прасоўваньне расейскай арміі. Усё было ідэнтычна, як у выпадку з Украінай, то бок мы, маўляў, мусім абараніць Данбас, таму напалі на Ўкраіну. Зрэшты, нават тыя арміі, якія былі сфармаваныя для барацьбы супраць горцаў у XIX стагодзьдзі, 19-я і 20-я арміі, існуюць да гэтай пары, савецкая армія нават не зьмяніла іх нумары».

Як Расея ваявала супраць чачэнцаў

«У актыўных баявых дзеяньнях у Чачні перашкаджаў непраходны лес, якім была пакрытая значная частка краіны. У 1819 годзе пачалася „вялікая высечка“. Расейцы высякалі прасекі ў лесе на адлегласьць стрэлу, каб перашкаджаць атакам чачэнцаў зь лесу. Тысячы расейцаў загінулі падчас гэтай апэрацыі.

Расейцы ладзілі карныя апэрацыі супраць чачэнскіх вёсак, рабавалі дамы, забівалі гаспадароў, спальвалі цэлыя паселішчы. Звычайнай была практыка адсячэньня галоў чачэнцам. Зь іх здымалі скальпы і вывешвалі на шастах вакол казацкіх станіц. Захаваўся нават ліст імпэратара, які асабіста прасіў камандаваньне спыніць гэтую практыку. Пры гэтым у расейскіх архівах няма аніводнага дакумэнта, які б сьведчыў пра падобную практыку чачэнцаў супраць расейцаў. Кацярына, напрыклад, увяла практыку выкраданьня чачэнскіх дзяцей. Іх тысячамі вывозілі ў якасьці закладнікаў у Расею. Але чачэнцаў гэта яшчэ больш аб’ядноўвала.

Тэрлоеўская цясьніна

Чачэнцы імкнуліся не ўступаць у прамы бой, нападалі зьнянацку, вялі партызанскую барацьбу. Менавіта таму чачэнцы і здолелі дзесяцігодзьдзямі вымотваць армію, якая перамагла Напалеона, Турэччыну і Пэрсію. Для ўраду Расеі вайна з горцамі была цяжкім клопатам. Нават баі, якія расейцы цалкам прайгравалі, у сваіх рапартах яны паказвалі як вялікую перамогу. Свае сапраўдныя страты яны хавалі, але ў той жа час перабольшвалі страты сярод горцаў. Вельмі часта дзеяньні горцаў расейцы прадстаўлялі як агрэсію на Расею, а не наадварот. Падчас Каўкаскай вайны страты расейскай арміі ў Чачні склалі амаль 30 тысяч чалавек, то бок траціну ўсіх стратаў на Каўказе».

Як так сталася, што вялізная Расейская імпэрыя паўстагодзьдзя не давала рады Чачні

«Расейцы ваявалі з народамі Паўночнага Каўказу да 1859 году. Усе камандуючыя, пачынаючы з 1801 году, калі іх прызначаў імпэратар, зьяўляліся на Паўночным Каўказе і спрабавалі зразумець, адкуль пачынаць прасоўваньне. І ўсе без выключэньня, нават Барацінскі, які ў выніку і заваяваў Чачню, прымалі рашэньне, што пачынаць трэба з Чачні і Дагестану. Ані з Кабарды, ані з адыгейцаў, якія па тэрыторыі былі ў пяць разоў большыя, чым Чачня.

Імам Шаміль перад расейскім князем, галоўнакамандуючым князем Барацінскім, 25 жніўня 1859 года

Як я ўжо казаў, чачэнцы былі бясклясавым грамадзтвам, і расейцы проста ня ведалі, з кім там дамаўляцца. Яны ня ведалі, каго купляць. Любы чачэнец, якога яны захоплівалі, казаў, што ён князь, і яны заключалі зь ім дамову. Той прыходзіў у вёску і казаў, што я іх падмануў, нам далі грошы. І так было дзясяткі разоў, пакуль расейскі імпэратар не заўважыў: а колькі разоў можна захопліваць тую самую вёску? А рэальнасьць была такая, што падпісваць дамовы можна было столькі разоў, колькі ў вёсцы жыло людзей. І ў сувязі з тым, што ў Чачні не было з кім дамовіцца, у расейцаў была вялікая праблема з гэтай краінай. У Дагестане, напрыклад, было Аварскае ханства і хан, і яны там маглі дамаўляцца. Нават калі Пётр І зьявіўся на Каўказе, то яны ішлі зь ім на перамовы. Там былі ўплывовыя людзі, і расейцам там было трошкі прасьцей. А з кім мець справу, калі ты бачыш натоўп, які кажа, што ў іх няма князёў? Ты вырываеш з натоўпу аднаго, а ён кажа, што ён і ёсьць князь».

Ці былі сярод чачэнцаў здраднікі

«Расея выдзяляла на прарасейскую партыю сярод чачэнцаў вялізныя грошы, але ў выніку гэта была мінімальная зьява. Першыя аддзелы горскай міліцыі пачалі стварацца яшчэ ў 1820-я гады, пры камандуючым Каўкаскага корпусу Ярмолаву, і чачэнцаў сярод іх былі літаральна адзінкі, то бок некалькі дзясяткаў людзей. Нават напрыканцы вайны 1859 году чачэнцы ў складзе расейскай арміі не складалі нават 1%. Людзі, якія пераходзілі на бок Расеі, заўсёды спрабавалі казаць, што за імі ўвесь род або клан, каб узьняць свой аўтарытэт і атрымаць грошы, званьні, чыны і пэнсію ад расейскага імпэратара. Але насамрэч за ім ужо ніхто не стаяў, калі ён пераходзіў на бок Расейскай імпэрыі.

Быў, напрыклад, такі генэрал Арцу Чармоеў, каторы мае фактычна ўсе мэдалі, якія мела на той момант расейская армія. Але ў чачэнскай гісторыі ён увогуле не ўспрымаецца як герой. Ён лічыцца сынонімам ганьбы. А ў гонар генэрала Ярмолава ў Чачні называюць сабак. Людзі, якія служылі расейцам, ня лічацца ў Чачні кімсьці важным, хто ўнёс уклад».

Вёска Хой

Як зьмянілася жыцьцё ў Чачні пасьля заваёвы ў 1859 годзе

«Для чачэнцаў насамрэч мала што зьмянілася, бо па-расейску ніхто і так не размаўляў. Але ані школаў па-чачэнску не было, ані кніг па-чачэнску не выдавалася. Былі свае школы пры мячэтах, але гэта былі больш ісламскія школы, чым сьвецкія. Але паколькі празь мячэты праходзілі практычна ўсе дзеці, то амаль усе чачэнцы былі пісьменныя. Напрыклад, мая прапрабабуля пісалі майму прапрадзядулю, які паехаў у Мэку і затрымаўся там на тры гады, пісала лісты па-арабску. І ён адказваў па-арабску. І гэта было абсалютна звычайнай зьявай.

Спачатку чачэнцы былі адзінымі на Паўночным Каўказе, з кім расейскі імпэратар меўся заключыць дамову. Не з Шамілём, не з Дагестанам, не з Чаркесіяй. Толькі з чачэнцамі. У 1914 годзе, напярэдадні І сусьветнай вайны, быў апублікаваны ліст імпэратара, дзе гаварылася: раз я абяцаў, то бок мой дзед, з чачэнцамі трэба заключыць пагадненьне, каб перадаць ім зямлю ва ўласнасьць. Гэтага не было ў іншых месцах. Тут была спроба залагодзіць чачэнцаў пасьля ўсяго, што адбылося.

Пры Расейскай імпэрыі напачатку нічога не зьмянілася, лад застаўся той самы. Зрэшты, канец вайны не азначаў, што чачэнцы зьмірыліся. Былі і паўстаньні, і баявыя дзеяньні пасьля Каўкаскай вайны».

Што такое Горская Рэспубліка

"Аднымі зь першых на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, хто абвясьціў пра самавызначэньне, былі горцы Паўночнага Каўказу. 11 траўня, то бок пасьля лютаўскай рэвалюцыі, горцы вырашаюць перайначыць тую карту, калі яны былі падзеленыя паміж рознымі каўкаскімі абласьцямі Расеі. І горцы аб’ядноўваюцца, пачынаючы ад Чорнага мора і абхазаў і канчаючы Касьпійскім морам. Туды ўваходзяць усе паўночнакаўкаскія народы без выключэньня. Запрашаюць нават казакоў, зь якімі горцы канфліктавалі, паколькі казакі жылі на землях горцаў. Гэта тыя казакі, якім Расея пасьля Каўкаскай вайны давала зямлю каўкаскіх народаў. Кожны казак меў часам у 15 разоў больш зямлі, чым горац.

Горская рэспубліка

З 1 па 11 траўня 1917 году ва Ўладзікаўказе адбываўся Зьезд горскіх народаў, на якім яны абвяшчаюць рэспубліку — Саюз горцаў Паўночнага Каўказу і Дагестану. Пакуль у складзе Расейскай імпэрыі. Маўляў, цар сышоў, дык давайце цяпер рабіць сапраўдную фэдэрацыю. Гаворкі пра выхад з Расеі тады яшчэ не вялося. Потым былі абвешчаныя БНР, УНР, усе думалі, што нешта рэальна зьменіцца. Але так было датуль, пакуль бальшавікі не захапілі ў лістападзе ўладу. Тады ўсе зразумелі, што іх кінулі. А калі быў разагнаны Ўстаноўчы сход, то народы імпэрыі заявілі, што ў такім выпадку мы больш ня лічым сябе часткай Расейскай імпэрыі.

Праз год пасьля абвяшчэньня рэспублікі, 12 траўня 1918 году, абвясьцілі яе незалежнасьць. На наступны дзень Атаманская імпэрыя прызнае незалежнасьць Горскай Рэспублікі. Германская імпэрыя заяўляе, што яна папярэдне згодная, але хоча ведаць, як будзе разьвівацца гэтая дзяржава. Такога ж роду было і прызнаньне Баўгарыі і Аўстра-Вугоршчыны. Пазьней прызнаньне прыйшло ад Грузінскай Рэспублікі і Азэрбайджану. У Горскай Рэспублікі ўжо была свая Канстытуцыя, якая была нашмат больш дэмакратычная, чым эўрапейскія. Ужо ў першы дзень існаваньня рэспублікі было вырашана, што жанчыны прымаюць удзел ва ўсеагульным галасаваньні. Гэта было новае для Расейскай імпэрыі. У ЗША і Францыі такое было значна пазьней.

Чальцы Горскай дэлегацыі

Усё разьвівалася добра, але ўдар быў нанесены ня з боку бальшавікоў. На пачатку 1919 году на тэрыторыю Горскай Рэспублікі ўваходзіць Дзянікін (адзін з кіраўнікоў расейскага Белага руху, які змагаўся супраць бальшавікоў. — РС). Замест таго каб ісьці на Маскву ці Пецярбург, ён вырашыў спачатку заваяваць горцаў. Ён тут згубіў ня толькі ўласную армію, але і затармазіў разьвіцьцё Горскай Рэспублікі. Калі дзянікінцы пакінулі яе тэрыторыю, то бальшавіцкая армія прыйшла на гатовае, на разгромленую зямлю, і захапіла яе. У 1920 годзе Горская Рэспубліка спыняе сваё існаваньне. І калі пры Расейскай імпэрыі чачэнскі лад жыцьця не зьмяніўся, то савецкая ўлада зрабіла так, што ад яго мала што засталося«.

У наступнай частцы: Як саветы не змаглі знайсьці ў Чачні аніводнага бальшавіка? За што пацярпелі чачэнцы падчас «Вялікага тэрору»? Чаму чачэнцаў дэпартавалі за калябарацыю зь немцамі, калі тыя не дайшлі да Чачні? Як за чачэнскую мову маглі цалкам законна выгнаць з грамадзкага транспарту ў Грозным? Як у Чачні ўзьнік антыкамуністычны рух і была абвешчаная незалежнасьць ад Расеі?