Чэхія не запрасіла беларускіх дыпляматаў на жалобную цырымонію ў былы канцлягер Тэрэзін. Краіну прадстаўляла мясцовая беларуска

Удзельнікі жалобнай цырымоніі ў Тэрэзіне

У былым канцэнтранцыйным лягеры Тэрэзін у паўночна-заходняй Чэхіі адбылася грамадзкая паніхіда ў памяць аб ахвярах нацысцкіх злачынстваў падчас Другой сусьветнай вайны.

Амбасады Расеі і Беларусі ўпершыню ня былі запрошаныя не жалобную цырымонію. Яна праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю траўня і на мерапрыемства традыцыйна запрашаюць усіх дыпляматаў, акрэдытаваных у Чэхіі.

Пра нежаданьне ўладаў краіны бачыць на штогадовым мерапрыемстве беларускіх і расейскіх дыпляматаў стала вядома яшчэ ў красавіку.

Беларусь у выніку прадстаўляла прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі Крысьціна Шыянок, якую ў якасьці госьці запрасіла дырэкцыя мэмарыяла ў Тэрэзіне.

Крысьціна Шыянок разам з Джамілай Стэглікавай

У шэсьці беларуская прадстаўніца ішла побач з Джамілай Стэглікавай, былой чэскай міністаркай па правах чалавека і нацыянальных меншасьцяў. Як сказала Крысьціна Шыянок Свабодзе, яе ўдзел у цырымоніі зьяўляецца адным з практычных вынікаў апошняга афіцыйнага візіту Сьвятланы Ціханоўскай ў Прагу і працы яе Офіса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія зноў будзе выдаваць візы беларусам, дыскрымінацыі студэнтаў ня будзе, — Ціханоўская

Агульным матывам усіх выступаў была вайна ва Ўкраіне. Паводле старшыні Сэнату парлямэнту Чэскай Рэспублікі Мілаша Выстрчыла, Тэрэзін зьяўляецца ня толькі месцам, якое нагадвае жахі нацысцкага тэрору, але павінна быць і папярэджаньнем, каб не паўтараць падобных рэчаў.

«Мы знаходзімся ў месцы, спадзяюся, былога зла, прыніжэньня і нянавісьці, месцы, якое стала ваеннай гісторыяй, сымбалем і засьцярогай. Але таксама мы знаходзімся ў месцы, якое сёньня папярэджвае, нагадвае і заклікае». — сказаў старшыня Сэната.

Падчас Другой сусьветнай вайны ў Тэрэзіне было заснаванае «ўзорнае гета», у якім знаходзілася каля 140 000 чалавек (зь іх 33 000 памерлі падчас знаходжаньня ў гета). Нямецкія ўлады разглядалі Тэрэзін як часовае месцазнаходжаньне для габрэяў ажно да «канчатковага рашэньня», таму каля 88 000 насельнікаў Тэрэзіна былі паступова дэпартаваныя ў Асьвенцым і іншыя лягеры смерці. Да канца вайны ў гета знаходзілася 17 247 чалавек, якія выжылі.

Частка крэпасьці была аддзеленая ад гета і служыла як турма гестапа, празь якую за гады вайны прайшло каля 90 000 чалавек, з іх 2600 памерлі там жа. Тэрэзін быў вызвалены савецкімі войскамі 9 траўня 1945 года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін мэмарыял адмовіўся ад удзелу ўладаў Беларусі і Расеі ва ўшанаваньні ахвяраў нацызму