У Латвіі заблякуюць «Вконтакте», «Одноклассники» і «Мой мир»

У Латвіі заблякуюць расейскія сацсеткі «Вконтакте», «Одноклассники» і «Мой мир». Пра гэта ў Твітэры напісаў кіраўнік Нацыянальнай рады электронных СМІ Іварс Абаліньш.

Рашэньне прынята ў сувязі з уведзенымі Эўразьвязам санкцыямі. Як растлумачылі ў Нацыянальнай радзе, згодна з наяўнай інфармацыяй, гэтыя сацсеткі знаходзяцца ва ўласнасьці і пад кантролем Юрыя Кавальчука і Ўладзіміра Кірыенкі, у дачыненьні да якіх ЭЗ увёў санкцыі.

Фізычнае блякаваньне плятформаў адбудзецца на наступным тыдні.

Кантроль над карпарацыяй VK, якая валодае ўсімі трыма сацсеткамі, маюць «Газпром-мэдыя» і страхавая група «Согаз», найбуйнейшымі ўладальнікамі якіх зьяўляюцца ў тым ліку сябар Уладзіміра Пуціна Юрый Кавальчук і яго сям’я, пляменьнік прэзыдэнта Расеі Міхаіл Шаламаў і «Газпром». На чале кампаніі VK стаіць Уладзімір Кірыенка — сын першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Сяргея Кірыенкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН прагаласавалі за тое, каб расьсьледаваць меркаваныя злачынствы расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне