Наступствы непагадзі ў Беларусі: у Менску і Салігорску ў выніку падзеньня дрэў загінулі два чалавекі

Фота СК зь месца гібелі жанчыны

12 траўня на вуліцы Каліноўскага ў Менску ў выніку непагадзі на 38-гадовую мянчанку ўпала дрэва.

Ратавальнікі дасталі пацярпелую ўжо без прытомнасьці, рэанімацыйныя мерапрыемствы не дапамаглі ўратаваць жанчыну, паведамляе Сьледчы камітэт.

У Салігорску ў выніку падзеньня дрэваў загінуў будаўнік, яшчэ адзін шпіталізаваны, паведамляе СК. Днём будаўнічая арганізацыя выконвала працы па заліваньні бэтону ў храме. Падняўся моцны вецер, майстар даў указаньне рабочым пакінуць тэрыторыю. Кіроўца бэтонамяшалкі і арматуршчык падняліся на аўтамабіль, каб вызваліць яго ад галінак. У гэты момант на іх упала два дрэвы. Нягледзячы на намаганьні мэдыкаў, 30-гадовы арматуршчык памёр у бальніцы, 27-гадовы кіроўца шпіталізаваны.

На 12 траўня сыноптыкі абвясьцілі ў Беларусі «аранжавы» ўзровень небясьпекі. Раніцай і днём у многіх раёнах краіны абяцалі навальніцы і ўзмацненьне паўднёва-заходняга, заходняга ветру з парывамі 15–20 м/с, месцамі да 24 м/с. Днём у Менску — узмацненьне паўднёва-заходняга, заходняга ветру з парывамі 15–20 м/с.

Паводле інфармацыі менскага МНС, сёньня ратавальнікам паведамілі ўжо прыкладна пра 20 выпадкаў падзеньня дрэваў з прычыны моцнага ветру. Паводле папярэдніх зьвестак, пашкоджаныя восем аўтамабіляў.


На частцы тэрыторыі Берасьцейскай і Менскай абласьцей сёньня пясчаная бура, паведамляюць пра масавае ДТЗ на трасе М-1.