Цэнзура закранула адразу дзьве выставы: «Арт-Менск» і «Скульптура» ў Горадні

Выстава скульптуры, адмененая ў Горадні ў траўні 2022 году

Зь менскай выставы зьнялі карціны асобных мастакоў, горадзенскую закрылі. Творцы лічаць, што такім чынам прасоўваецца расейскі парадак дня.

«Арт-Менск»: за дзень да адкрыцьця з экспазыцыі зьнялі работы пяці мастакоў

Спачатку старонка BY_culture даведалася пра зьняцьце работ Аляксандра Бельскага, які пацьвердзіў гэты факт і назваў гэта «цэнзурай Міністэрства культуры». Гэта адбылося пасьля абвяшчэньня ўдзельнікаў фэсту сучаснага мастацтва — сёлета на ім мелася быць 240 мастакоў.

Іншы мастак на ўмовах ананімнасьці пракамэнтаваў сытуацыю так:

«Сёлета было загадзя ўсё зразумела. Зьявіліся ябацькі-актывісткі, манітораць выставы. Зьнялі Грыневіча, Іванова, закрылі выставу скульптуры ў Горадні... Напэўна, некаторыя беларускія мастакі ня вельмі цікавяцца сытуацыяй у краіне. Такія „ланцужныя сабакі“ ёсьць цяпер у кожным абласным горадзе. Актыўна прасоўваюць расейскі парадак, „топяць“ за вайну. Нават Міністэрства культуры перад імі адступае».

Па інфармацыі тэлеграм-каналу, гэта не адзінкавы акт цэнзуры на «Арт-Менск»: гледачы ня ўбачаць працы яшчэ як мінімум 4 мастакоў. Тым часам часопіс Chrysalis паведамляе, што з выставы зьнялі працы як мінімум 15 мастакоў. Прычынай аўтары, зь якімі пагутарыў часопіс, называюць цэнзуру і «нейкія сьпісы людзей зь іншай палітычнай пазыцыяй, якія прыйшлі зь Мінкульту». Выданьне Zerkalo.io піша, што «ў кулюарах, а таксама ў „падзамочных“ запісах у сацсетках неаднаразова агучвалася іншая колькасьць мастакоў, чые карціны нібыта былі зьнятыя з выставы, — больш за 40».

Закрыцьцё выставы «Скульптура» ў Горадні

Выстава мелася адбыцца ў галерэі «400 квадратаў», аднак, як паведаміў арганізатар Іван Арцімовіч у фэйсбуку, яна закрытая і не адкрыецца.

«Я не лічу правільным выкрэсьліваць з экспазыцыі каго-небудзь з аўтараў ці некаторыя іх працы з абсалютна надуманых прычын, агучаных непрафэсіяналамі. Я хацеў бы, каб айчыннае мастацтва зьберагала лепшыя свае дасягненьні, напаўнялася цікавым зьместам і новымі формамі, каб у нас быў свой уласны шлях і наша скульптура была розная. У гэтай разнастайнасьці я бачу ў будучыні магчымасьць фармаваньня ўласнай мовы, якая будзе адрозьніваць нас ад астатняга сьвету».

Выставу рыхтавалі сябры сэкцыі скульптуры Беларускага саюзу мастакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мае працы прадаюцца, то ўсе грошы ідуць на падтрымку рэпрэсаваных». Размова з мастачкай Cactuss.art
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Культура — гэта палітыка». У Кіеве адкрылася выстава ўкраінскіх мастакоў «Беларускі майдан»