Як паведамляе swissinfo.ch, гэтую тэхніку Нямеччына мае намер паставіць Украіне. Швайцарыя спасылаецца на сваю палітыку нэўтралітэту, якая забараняе ёй адпраўляць вайсковы рыштунак у зоны канфліктаў.
Боепрыпасы для зэнітнай самаходнай устаноўкі Gepard былі зробленыя кампаніяй Oerlikon-Bührle, прамысловай фірмай швайцарскага ВПК, разьмешчанай у Швайцарыі, якая належыць нямецкаму холдынгу Rheinmetall. «На абодва запыты Нямеччыны, ці могуць боепрыпасы, атрыманыя са Швайцарыі, быць перададзеныя Ўкраіне, з Бэрну быў дадзены адмоўны адказ са спасылкай на швайцарскі нэўтралітэт і на абавязковыя крытэрыі, прадугледжаныя швайцарскім заканадаўствам аб парадку паставак вайсковых матэрыялаў і тавараў двайнога прызначэньня», — паведамляе дзяржсакратарыят Швайцарыі ў эканамічных пытаньнях.
Швайцарыя вырашыла далучыцца да эканамічных санкцый ЭЗ, уведзеных у адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, але заявіла пры гэтым, што яе нэўтралітэт не дазваляе пастаўляць узбраеньні і боепрыпасы ў зоны ваенных канфліктаў.