Кіраўніца нямецкай зямлі ўзгадняла тэксты выступаў з «Газпромам»

Кіраўніца ураду нямецкай фэдэральнай зямлі Мэкленбург-Пярэдняя Памэранія, прадстаўніца Сацыял-дэмакратычнай партыі Мануэяа Швэзіг актыўна супрацоўнічала з расейскім «Газпромам», абараняючы яго інтарэсы ў справе аб пабудове газаправоду «Паўночны паток — 2».

Аб гэтым пішуць брытанская The Times і нямецкая прэса.

Журналісты атрымалі доступ да перапіскі, зьвязанай, у прыватнасьці, са стварэньнем экалягічнага фонду з мэтай лябіяваць як мага хутчэйшую пабудову і ўвядзеньне ў эксплуатацыю газаправоду з Расеі ў Нямеччыну, супраць якога пярэчылі ЗША, Украіна і шэраг краін ЭЗ. «Паўночны паток — 2» быў дабудаваны, але не запрацаваў. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўлады Нямеччыны заявілі аб замарожаньні праекту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў увесьці эмбарга на імпарт нафты і газу з Расеі

З апублікаванай перапіскі вынікае, што супрацоўніцтва Швэзіг з кампаніяй-уладальнікам «Паўночнага патоку — 2» было настолькі шчыльным, што яе прадстаўнікі нават прапаноўвалі свае выпраўленьні ў тэксты публічных выступаў кіраўніцы нямецкага рэгіёну. Мэнэджар камунікацый кампаніі Nord Stream 2, паводле дакумэнтаў, у прыватнасьці, падаваў ідэю таго, як «прасоўваць» фонд у падтрымку газаправода: «як „разумны адказ“ на цьвёрдую лінію ЗША» — пісаў ён кіраўніцы нямецкай фэдэральнай зямлі. Акрамя таго, Швэзіг прапаноўвала ўдзел «дасьведчаных прафэсіяналаў» з кампаніі Nord Stream 2 у кіраўніцтве створанага па яе ініцыятыве экалягічнага фонду (ён быў закрыты пасьля замарожаньня праекту газаправоду).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы заклікаў дэмантаваць ужо пабудаваны расейскі газаправод «Паўночны паток – 2»

Палітычныя апанэнты ўжо заклікалі Швэзіг да адстаўкі. Сама яна папрасіла прабачэньня за сваю падтрымку «Паўночнага патоку — 2», як і шэраг іншых палітыкаў, перш за ўсё сацыял-дэмакратаў. «Пуцін ашукаў усіх нас», — гаварыла раней Швэзіг аб нямецкіх палітыках, якія выступалі за супрацоўніцтва з Масквой. Пад крытыку трапіў і прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Раней стала вядома, што афіцыйны Кіеў адмовіў у ягоным візыце ў краіну, што было пацьверджана публічна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Нямеччыны прызнаў палітычныя памылкі ў дачыненьні да Расеі