У ЗША на канцэрты расейскага коміка Нурлана Сабурава ў гледачоў правяралі тэлефоны і не пускалі тых, хто супраць вайны ва Ўкраіне

Нурлан Сабураў

У Маямі 14 красавіка ахоўнікі старанна надглядалі гледачоў, якія прыйшлі на канцэрт коміка Нурлана Сабурава. У іх праглядалі тэлефоны і запісы ў сацсетках. Некаторых з тых, хто дэманстраваў антываенную пазыцыю ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, не пусьцілі на канцэрт, паведаміў актывіст Даніла Танкапій.

У Чыкага канцэрт Сабурава перанесьлі з 16 красавіка на няпэўны тэрмін пасьля звароту прадстаўнікоў украінскай дыяспары, паведамілі ў прэс-службе канцэртнай пляцоўкі North Shore Center. У прыватнасьці, скасаваць канцэрт патрабаваў генэральны консул Украіны ў Чыкага Сяргей Калядаў. Падставай для звароту стала рэакцыя коміка на ўкраінскую мастачку Юлію Касіўчук, якая на адным зь яго канцэртаў выбегла на сцэну ў сукенцы, запэцканай чырвонай фарбай, піша The Insider.

«Прабачце, гэта месячныя? Што адбываецца? Дарма я, вядома, жонку паклікаў», — пажартаваў Сабураў, калі Касіўчук адводзіла ахова.

Нурлан Сабураў — адзін з найбольш папулярных стэндап-комікаў Расеі, ён вядзе youtube-шоу «Што было далей?» і здымаецца ў «Stand Up на ТНТ».

Сабураў сутыкнуўся з крытыкай праз тое, што ня стаў публічна выказвацца супраць вайны ва Ўкраіне, разьвязанай Расеяй. Маўчаньне захоўваюць і калегі Сабурава ў шоў «Што было далей». У інтэрнэце такія паводзіны артыстаў патлумачылі тым, што аўтарам праекту ёсьць Вячаслаў Дусмухаметаў, крэатыўны прадусар тэлеканалу ТНТ, які належыць дзяржаўнаму холдынгу «Газпром-медиа».

Нягледзячы на крытыку, Сабураў не адмовіўся ад заплянаванага на красавік туру па ЗША з канцэртам «Прынцыпы». Першы выступ адбыўся 8 красавіка ў Лос-Анджэлесе, дзе некалькі гледачоў адразу спынілі Сабурава і спыталі, чаму ён не выказваецца публічна аб тым, што адбываецца ва Ўкраіне. Спачатку артыст спрабаваў жартаваць, але потым патлумачыў:

«У мяне ёсьць сям’я, вы павінны разумець. У мяне таксама ёсьць свае страхі. Вы каго зь мяне робіце? Каля канцэртных пляцовак, на якіх выступаў Сабураў, зьбіраліся людзі з украінскімі сьцягамі, якія крычалі «Ганьба!»