У выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі 169 дзяцей

З прычыны дзеяньняў расейскіх войскаў ва Ўкраіне пацярпелі 306 дзяцей

Па стане на раніцу 8 красавіка ва Ўкраіне ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем Расеі пацярпелі больш за 475 дзяцей — 169 зь іх загінулі і звыш 306 атрымалі раненьні, паведамляе Генпракуратура Ўкраіны.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо вядзецца праца па іх вызначэньні ў месцах актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях. Паводле зьвестак пракуратуры ў справах непаўналетніх, найбольш пацярпелі дзеці ў Кіеўскай вобласьці — 88, Данецку — 81, Харкаве — 75, Чарнігаве — 50, Мікалаеве — 40, Луганску — 35, Запарожжы — 22, Херсоне — 29, сталіцы — 16, Сумскай вобласьці — 16, Жытомірскай вобласьці — 15», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Бучы Кіеўскай вобласьці ў брацкай магіле сярод дарослых ахвяр знайшлі цела 15-гадовай дзяўчыны. 7 красавіка ў Днепрапятроўскай вобласьці расейскія вайскоўцы абстралялі лодку, у якой знаходзіліся 14 чалавек, забілі адно дзіця, а яшчэ дваіх ва ўзросьце 4 і 16 гадоў паранілі. 6 і 7 красавіка ў Севераданецку Луганскай вобласьці ад абстрэлаў з боку расейскай арміі пацярпелі двое непаўналетніх.

Зараз ва Ўкраіне ў выніку бамбаваньняў і абстрэлаў пацярпелі 928 навучальных устаноў, 84 зь якіх зьнішчаныя цалкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ракетны напад на вакзал Краматорску, дзясяткі забітых, якія ехалі ў эвакуацыю. 44-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны