Ніжняя палата парлямэнту Чэхіі прызнала Галадамор генацыдам украінскага народу

Людзі, якія паміраюць ці памерлі ад голаду на вуліцы Харкава, 1933

Ніжняя палата парлямэнту Чэхіі прыняла рэзалюцыю, паводле якой голад ва Ўкраіне 1932-1933 гадоў прызнаны генацыдам.

У рэзалюцыі дэпутаты, як паведамляе чэскае грамадзкае радыё, асудзілі гэтае «злачынства супраць украінскага народу, масавыя рэпрэсіі і парушэньні правоў і свабодаў чалавека». Адзначаецца, што Галадамор быў «сьвядома справакаваны жахлівым таталітарным рэжымам у 1932-1933 гадах з мэтай зламаць супраціў украінскага народу гвалтоўнай калектывізацыі і падарваць яго нацыянальную самасьвядомасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малавядомыя фатаздымкі Галадамору ва Ўкраіне 1932-1933 гадоў

Чэскія парлямэнтары таксама выказалі «рашучасьць спрыяць прасоўваньню міжнародных прынцыпаў, у тым ліку выяўленьне асобаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы, што прадухіліла б паўтарэньне такой трагедыі дзе-небудзь у сьвеце».

«Сёньняшняя рэзалюцыя аддае яшчэ адзін гістарычны доўг. Асабліва ў сувязі з жорсткай расейскай агрэсіяй на тэрыторыі Ўкраіны», — гаворыцца ў дакумэнце.

Асобна дэпутаты прынялі рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні расейскага войска ва ўкраінскім горадзе Буча. У пачатку красавіка адтуль паступілі паведамленьні аб масавых расстрэлах мірных жыхароў. Украіна і краіны Захаду абвінавацілі Расею ў ваенных злачынствах. Масква ўсе абвінавачваньні адпрэчвае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Галадаморы было пасланьне: хочаш жыць — ідзі ў калгас»: гісторык пра прычыны голаду 30-х
  • Ва Украіне падзеі 1932-1933 гадоў афіцыйна прызнаныя генацыдам. Паводле Інстытуту гісторыі Ўкраіны, страты ад голаду ва Ўкраінскай ССР склалі амаль 4 мільёны чалавек і яшчэ 3 мільёны — у іншых рэгіёнах СССР.
  • У 2018 годзе Сэнат ЗША падтрымаў рэзалюцыю, якая прызнае Галадамор ва Украіне генацыдам.