«600 чалавек хаваюцца ў лясах. Хто хоча застацца ў Беларусі, зьмяшчаюць у ІЧУ». Што адбываецца з уцекачамі пасьля закрыцьця лягеру ў Брузгах

Уцекачы з Азіі ў Брузгах, Беларусь, 25 лістапада 2021

На момант спыненьня працы лягеру ў лягістычным цэнтры «Брузгі» там былі каля 700 чалавек. Лёс большасьці зь іх зараз невядомы.

Паведамленьне пра тое, што лягер для ўцекачоў у лягістычным цэнтры «Брузгі» спыняе працу, Памежны камітэт Беларусі апублікаваў 22 сакавіка — амаль празь месяц пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

«У транспартна-лягістычным цэнтры „Брузгі“ спыніў працу пункт разьмяшчэньня ўцекачоў, — гаварылася ў паведамленьні. — Усе іншаземцы, якія часова знаходзіліся ў транспартна-лягістычным цэнтры, пакінулі яго. Сёньня, 22 сакавіка, 98 уцекачоў вылецелі эвакуацыйным рэйсам зь Менска ў Арбіль у 02.55. Вяртаньне на радзіму арганізавана ў рамках праграмы дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі. Астатнія іншаземцы на іх просьбу часова расьселеныя ў гатэлях і санаторыях для чаканьня наступных вывазных рэйсаў».

Паводле беларускіх памежнікаў, рашэньне ўцекачоў вярнуцца ў свае краіны «шмат у чым прадыктаванае ўсьведамленьнем бессэнсоўнасьці чаканьня і абыякавасьці краін ЭЗ у вырашэньні іхных праблемаў».

Як стала вядома Свабодзе, уцекачоў у памяшканьнях лягістычнага цэнтру «Брузгі» цяпер сапраўды няма. На момант закрыцьця лягеру, які месьціўся ў будынках кампаніі набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Зайцава «Брэміна груп», там былі каля 700 чалавек. Частку зь іх маглі насамрэч перавезьці ў іншыя месцы. Адно зь іх на тэрыторыі дзіцячага лягеру адпачынку ў лесапарку Пышкі, што на ўскраіне Горадні.

Як расказалі Свабодзе жыхары абласнога цэнтру, уцекачоў з Іраку і Сырыі на вуліцах гораду не відаць ужо некалькі месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турфірма проста падманула нас». Як маленькая беларуская кампанія рабіла бізнэс на мігрантах

«Яны па-ранейшаму спрабуюць трапіць у Польшчу»

«Інфармацыя пра тое, што адбываецца з рэштай курдзкіх уцекачоў, якія застаюцца ў Беларусі, цяпер вельмі абмежаваная, — расказалі Свабодзе ў праваабарончай арганізацыі Human Constanta. — Маем зьвесткі, якія публікуюцца афіцыйна, а таксама інфармацыю ад нашых партнэраў, праваабаронцаў у Польшчы, ад іншых крыніц, даведваемся ад асобных людзей. Ведаем, што 22 сакавіка беларускія ўлады абвесьцілі, што закрываюць працу лягістычнага цэнтру. Там на той момант знаходзіліся 700 чалавек. Афіцыйна 98 зь іх пагадзіліся вярнуцца на радзіму. Пра лёс яшчэ 600 чалавек публічна не паведамляецца. Неафіцыйна ведаем, што яны па-ранейшаму ў лясах і спрабуюць патрапіць у Польшчу».

Пра тое, што шмат уцекачоў па-ранейшаму знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і спрабуюць трапіць у Польшчу, сьведчаць і польскія памежнікі. Адначасова з навіной аб закрыцьці лягеру ў Брузгах польская Памежная служба апублікавала інфармацыю аб спыненьні больш чым 130 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы. Яшчэ 70 чалавек спрабавалі зрабіць гэта ў ноч з 24 на 25 сакавіка.

Палякі паведамляюць, што мігранты спрабуюць пераходзіць мяжу на шырокім участку ад Кузьніцы (побач з былым лягерам у Брузгах) да Нараўкі і Мельніка — бліжэй да Белавескай пушчы. Апошнюю на гэты момант спробу групы мігрантаў перасячы беларуска-польскую мяжу зафіксавалі 28 сакавіка. Беларускі Памежны камітэт пасьля 22 сакавіка пра інцыдэнты з удзелам мігрантаў з Сырыі і Іраку не інфармуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра мігрантаў, якія захочуць застацца ў Беларусі: «Будзем рабіць так, як яны пажадаюць»

«Уцекачоў затрымліваюць і зьмяшчаюць у ІЧУ»

«Гэта дастаткова вялікія групы, да 12 чалавек, там бывае шмат дзяцей, — расказваюць у Human Constanta. — Ад нашых партнэрскіх арганізацыяў у Польшчы мы ведаем, што пэўным групам удалося прайсьці мяжу. Іншыя застаюцца ў падвешаным стане. Праблема яшчэ ў тым, што яны ня могуць вярнуцца ў Беларусь. Бо нам вядома прынамсі некалькі выпадкаў, калі ўцекачоў з Сырыі затрымлівалі, і цяпер яны ў Ізалятары часовага ўтрыманьня ў Менску. Ім арганізоўваюць дэпартацыю. Сярод такіх уцекачоў, напрыклад, ёсьць дзяўчына з інваліднасьцю з Сырыі».

З словаў праваабаронцаў, існуе магчымасьць, што ў ІЧУ з часам трапяць усе ўцекачы з Брузгоў, якія ня змогуць перабрацца на тэрыторыю Эўразьвязу. Ім адмаўляюць у статусе ўцекача ў Беларусі. Вядомыя выпадкі, калі тым, хто хацеў атрымаць такі статус, ставілі ў пашпарты штамп аб неабходнасьці пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам двух тыдняў.

«У такіх людзей застаецца мала варыянтаў, — гавораць у Human Constanta. — Некаторыя зноў спрабуюць трапіць у Польшчу, але на мяжы сутыкаюцца з гвалтоўнымі дзеяньнямі з боку памежнікаў і паліцыянтаў. На фоне вайны ва Ўкраіне бачна, што беларускім уладам гэтая тэма больш не цікавая, яны пераключаюцца на людзей з Украіны. Імі (уцекачамі з Украіны — РС) займаецца пераважна „Чырвоны крыж“, які не дае інфармацыі, доступу да яго зьвестак іншыя арганізацыі няма. Улады Беларусі перасталі гуляць у тое, што яны нібыта гуманна дапамагаюць людзям. Яны вярнуліся да сваёй звычайнай міграцыйнай палітыкі, зьвязанай з затрыманьнямі, высылкамі і ігнараваньнем сытуацыі ў краінах паходжаньня людзей».

Паводле афіцыйных паведамленьняў нямецкіх уладаў, за 2021 год на тэрыторыю Нямеччыны церазь Беларусь трапілі больш за 10 тысяч уцекачоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міграцыйны крызіс быў падрыхтоўкай да вайны». Як ня спраўдзіліся крамлёўскія пляны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 этапаў мігранцкага крызісу, які пачаўся пагрозай Лукашэнкі, а скончыўся сьмерцю польскага дэзэртыра і закрыцьцём лягеру мігрантаў