Рэкордная колькасьць мігрантаў спрабавала трапіць зь Беларусі ў Польшчу. У будцы памежнікаў пабілі шыбы

Вартаўнічая кабіна Памежнай службы Польшчы

Памежная служба Польшчы паведаміла пра рэкордную колькасьць спробаў ад пачатку году нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі. Паводле польскіх памежнікаў, дапамагалі мігрантам з Блізкага Ўсходу беларускія сілавікі.

«На адрэзку Дубічы Царкоўныя беларускія сілавікі кідалі камяні ў патрульных, пашкодзіўшы будку аховы. У выніку былі выбітыя шыбы. Паводле паведамленьня ў Twitter, гэта павінна было прадухіліць затрыманьне іншаземцаў, 9 грамадзянаў Іраку, якія прарэзалі дрот і незаконна перасеклі мяжу», — гаворыцца ў Твітары Памежнай службы Польшчы.

Памежная служба Польшчы інфармуе, што 21 сакавіка на яе тэрыторыю спрабавалі трапіць 134 асобы. Гэта рэкорд у 2022 годзе. Найбольш іншаземцаў было затрымана ў Нараўцы, каля 40 чалавек. Памежнікі правялі там ратаўнічую апэрацыю, у выніку якой удалося дастаць з балота 16 грамадзянаў Іраку.

Сёньня стала вядома, што ў транспартна-лягістычным цэнтры «Брузгі» спыніў працу пункт разьмяшчэньня мігрантаў. Усе іншаземцы, якія часова знаходзіліся ў цэнтры, пакінулі яго. 22 сакавіка 98 замежных грамадзян вылецелі эвакуацыйным рэйсам зь Менску ў Арбіль у 02:55.

Вяртаньне на радзіму арганізавана ў рамках праграмы дапамогі Міжнароднай арганізацыі міграцыі. Астатніх іншаземцаў на іх просьбу часова расьсялілі па гатэлях і санаторыях чакаць наступных вывазных рэйсаў.

У канцы паведамленьня беларускі ДПК абвінаваціў у праблемах зь мігрантамі Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Цэнтар разьмяшчэньня мігрантаў у Брузгах спыніў працу. Апошніх мігрантаў адпраўляюць дадому