«З роты ў 100 чалавек жывыя засталіся чацьвёра». Расейская сэнатарка пра страты войскаў РФ

Людміла Нарусава

Член расейскага Савету Фэдэрацыі Людміла Нарусава на пасяджэньні палаты ў пятніцу падала зьвесткі аб значных стратах сярод салдатаў тэрміновай службы, зь якімі перад пачаткам расейскага ўварваньня ва Украіну, паводле яе, былі падпісаныя кантракты і якіх пасьля адправілі ў зону баявых дзеяньняў.

«Учора з зоны баявых дзеяньняў былі выведзеныя салдаты тэрміновай службы. Іх прымусілі падпісаць кантракт або за іх падпісвалі. Але толькі ў выніку з роты ў сто чалавек жывыя засталіся чацьвёра», — заявіла Нарусава. Да гэтага яна задала калегам пытаньне, хто павінен вызначаць дакладнасьць зьвестак, якія датычацца расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. Яна таксама нагадала, што раней падымала пытаньне аб законнасьці ўдзелу ў такіх апэрацыях салдатаў тэрміновай службы.

Як вынікае з словаў Людмілы Нарусавай, прыведзеныя ў пятніцу зьвесткі аб стратах яна атрымала ад «вайсковага ведамства», куды зьвярнулася разам зь Віктарам Бондаравым, які ўзначальвае камітэт абароны і бясьпекі Савету Фэдэрацыі.

Міністэрства абароны Расеі адмаўляе ўдзел прызыўнікоў у вайне на тэрыторыі Ўкраіны.

4 сакавіка Савет Фэдэрацыі сьледам за Дзяржаўнай Думай ухваліў папраўкі да Крымінальнага кодэксу аб пакараньні за распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб дзеяньнях расейскіх вайскоўцаў, дыскрэдытацыю Ўзброеных сілаў і заклікі да антырасейскіх санкцыяў. Увечары 4 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон.

За публічнае пашырэньне так званых «фэйкаў» аб вайскоўцах прадугледжана максымальнае пакараньне ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэакцыя жыхароў Расеі на абстрэл Украіны. ВІДЭА
  • Улады Ўкраіны пасьля пачатку вайны 24 лютага заяўлялі аб значных стратах сярод расейскіх салдатаў. Паводле гэтых зьвестак, забітыя каля шасьці тысяч вайскоўцаў.
  • 2 сакавіка Міністэрства абароны Расеі ўпершыню абнародавала свае зьвесткі пра страты расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Яно паведаміла, што забітых — 498, параненых — 1597 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны