У Тбілісі тысячы чалавек патрабуюць адстаўкі кіраўніка ўраду праз адмову ўвесьці санкцыі супраць Расеі

Антыўрадавы мітынг у Тбілісі, 25 лютага 2022

У Тбілісі некалькі тысяч чалавек патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Гарыбашвілі за яго пазыцыю наконт украінскага пытаньня, піша агенцтва «Навіны-Грузія».

Раней 25 лютага Гарыбашвілі абвясьціў, што Грузія не далучыцца да фінансавых і эканамічных санкцый Захаду, уведзеных супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну. Адначасова прэмʼер выключыў, што паляціць у Кіеў, каб выказаць падтрымку ўкраінскаму народу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўводзяць пэрсанальныя санкцыі супраць Пуціна за ўварваньне ва Ўкраіну

Да мітынгу далучыліся грамадзкія дзеячы, палітыкі, актывісты і звычайныя грамадзяне. Ініцыятарам правядзеньня акцыі выступіла партыя «Дроа», а пазьней ідэю падтрымалі і іншыя апазыцыйныя сілы.

Пратэстоўцы не зьбіраюцца разыходзіцца, патрабуючы, каб Гарыбашвілі сустрэўся зь імі і зрабіў дадатковыя тлумачэньні. На месцы мабілізавана паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ўзгадніў новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, у тым ліку забарону на экспарт нафты

«Неверагодны грузінскі народ, які разумее, што сяброў трэба падтрымліваць! Дзякуй усім у Тбілісі і іншых гарадах, якія выйшлі ў падтрымку Ўкраіны і супраць вайны. Насамрэч, бываюць выпадкі, калі грамадзяне — лепшыя за ўрад», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Твітэры.