7 лютага — асноўны дзень галасаваньня на рэфэрэндуме аб прыняцьці паправак у Канстытуцыю. 22 лютага пачалося датэрміновае галасаваньне. Пытаньні наконт паводзінаў на ўчастку праваабаронцы задалі старшыні Гомельскай абласной камісіі па рэфэрэндуме Аляксею Нявераву.
Гэтым разам на ўчастках кабінкі для галасаваньня адкрытыя. Такім чынам, тое, што будзе рабіць у кабінцы выбарнік, ня будзе таямніцай для прысутных. Ці мае права выбарнік пайсьці яшчэ далей і сфатаграфаваць вынік свайго галасаваньня?
— Не. Выбарчым кодэксам бюлетэні фатаграфаваць забаронена. Ёсьць у нас 13-ы артыкул Выбарчага кодэксу, у якім адзначана, што дазволена назіральніку, — кажа старшыня Гомельскай абласной камісіі па рэфэрэндуме.
— А што забаронена?
— Што не дазволена, тое забаронена.
— Не назіральніку, а таму, хто галасуе?
— Нельга... Ну вам для чаго яго фатаграфаваць? На памяць? Сфатаграфуйце вось банэры ў гарадах.
Як перакананы старшыня абласной камісіі па рэфэрэндуме, права на таямніцу галасаваньня цяпер стала абавязкам грамадзяніна.
— Я хачу зь бюлетэнем сфатаграфавацца. Гэта ж маё права.
— Якое права? Адкрыць ці не адкрыць? У нас жа таемнае галасаваньне. Дзе ў вас напісаныя правы, што гэта ваша права — адкрыць сваю таямніцу? Я вам задаю пытаньне — дзе напісана?
Між тым выбарчае права не забараняе фатаграфаваць бюлетэні. Цяперашнія адкрытыя кабінкі, забароны чальцоў камісіяў на фатаздымкі — рэакцыя на працу плятформы «Голас», якая, як і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, мае намер выкрыць фальсыфікацыі галасаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Менск «з павагай і разуменьнем» адрэагаваў на прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР»Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».