У Туркмэністане датэрміновыя выбары прэзыдэнта пройдуць 12 сакавіка. ЦВК паведаміў аб гэтым пасьля таго, як Гурбангулы Бэрдымухамэдаў на пазачарговай сэсіі Халк Маслахаты (Народнай Рады) 11 лютага абвясьціў аб намеры даць «дарогу да дзяржаўнага кіраваньня» «маладым кіраўнікам». Тады ён намякнуў на тое, што ў яго занадта шмат адказных пасад.
Пра сытуацыю ў Туркменістане тэлеканал «Настоящее время» паразмаўляў з праваабаронцам, кіраўніком Туркмэнскай ініцыятывы па правах чалавека Фарыдам Тухбатуліным.
— 12 сакавіка Сердар Бэрдымухамэдаў стане прэзыдэнтам Туркмэністана?
— Я ў гэтым не сумняваюся, вядома, ён стане прэзыдэнтам.
— Тады скажыце, чаму Бэрдымухамэдаў-старэйшы вырашыў перадаць уладу сыну? Сам ён яшчэ дастаткова малады. Няўжо пацьвярджаюцца гэтыя чуткі аб яго хваробе? Ён баіцца, што можа проста не пасьпець перадаць уладу?
— Чуткі пра гэта сапраўды даўно ўжо ходзяць, і, напэўна, вы ведаеце, ужо пару разоў яго і «хавалі» нейкія выданьні. Але яны не пацьвярджаюцца, наколькі я ведаю, ён сябе адчувае цалкам нармальна, тым больш, за ім вельмі сур’ёзны мэдыцынскі догляд, увесь час яго лечаць лекары зь Нямеччыны.
Мне здаецца, што проста, можа быць, сытуацыя ў Казахстане падштурхнула яго паскорыць гэты працэс, хаця, паводле нашых зьвестак, яшчэ ў лістападзе была заплянаваная пазачарговая сэсія, паседжаньне Халк Маслахаты. Калі пазачарговая — мяркуецца, што нешта такое надзвычайнае там павінна было быць. Але проста яму патрэбны яшчэ час, каб новы прэзыдэнт, прыйшоўшы да ўлады, ён яшчэ будзе першы час мяняць кабінэт, падбіраць людзей пад сябе. Адпаведна, хтосьці павінен за ім дбаць, каб не было нейкіх выпадковых эксцэсаў: хтосьці больш дасьведчаны, але ня буду паказваць пальцам.
— Сэрдара Бэрдымухамэдава ўжо вылучылі на пасаду прэзыдэнта Туркмэністана. Раскажыце, як будзе выглядаць дзяржаўная архітэктура ў Туркмэністане пасьля 12 сакавіка? Сэрдар, вядомая справа, — прэзыдэнт, а сам Аркадаг — кіраўнік Халк Маслахаты? Бо мы ж разумеем, ён яшчэ не зусім сыходзіць з палітыкі.
— Так, афіцыйна ён кіраўнік верхняй палаты парлямэнта, і ён на гэтай пасадзе так і застанецца. Юрыдычных бадай ня будзе законаў, калі ён будзе кіраваць прэзыдэнтам, гэта немагчыма. Але проста трэба і аб мэнталітэце думаць, гэта значыць сын заўсёды будзе падпарадкоўвацца волі бацькі, незалежна ад таго, якую пасаду будзе займаць яго бацька, а якую — сын. Таму я і сказаў, што нейкі час Бэрдымухамэдаў будзе знаходзіцца менавіта як нейкі кантралюючы орган над прэзыдэнтам, пакуль не ўстаканіцца абноўлены ўрад.
— Вы ўжо згадалі аб падзеях у Казахстане, давайце трошкі параўнаньне правядзем, як вы думаеце, апошнія падзеі ў Казахстане ўлады Туркмэністана неяк аналізавалі? Яны разумеюць, да чаго можа прывесьці сямейнае кіраваньне?
— Яны, я думаю, выдатна гэта разумеюць. І, можа, гэтыя крокі таксама з гэтым, як я ўжо сказаў, зьвязаныя. Але мне падаецца, тут розьніца паміж Казахстанам і Туркмэністанам у тым, што пратэстнай масы ў Туркмэністане няма. Пратэстныя масы — гэта, як правіла, людзі ад 20 да 40 гадоў, ільвіная доля гэтых людзей знаходзіцца за мяжой на заробках з прычыны беспрацоўя ўнутры краіны. Унутры краіны засталіся пэнсіянэры або работнікі дзяржаўных устаноў, якія, натуральна, ні пра якія пратэсты і не задумваюцца.
Але ўсё ж ёсьць пэўная боязь, што замежная апазыцыя і большасьць грамадзян, якія зараз жывуць за мяжой, пачалі праяўляць нейкую актыўнасьць, і боязь таго, што гэтыя акцыі могуць перакінуцца на Туркмэністан. Але, на маю думку, гэта малаверагодна.
Так, кожны рэжым спрабуе такім чынам перадаць кіраваньне сваім наступнікам, пераемнікам. Але часьцей гэта атрымліваецца наіўнай спробай, мне здаецца, у Туркмэністане таксама [так] будзе, я ня ведаю, як [усё] складзецца, калі Сэрдар ужо асабіста пачне кіраваць, як ён будзе паводзіць сябе. Але я ня думаю, што будуць нейкія сурʼёзныя зьмены. І тое, што эканоміка і сацыяльная сфэра ўжо абрынуліся, ніякіх пазытыўных пэрспэктыў я ня бачу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Філёзаф Уладзімер Мацкевіч у СІЗА перайшоў на сухую галадоўку. Ён схуднеў на 7 кіляграм, адчувае слабасьць