Ціханоўская: «Рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазьбежная»

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадарам ЭЗ Дзіркам Шубэлем і амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім, якія раней былі высланыя зь Беларусі.

«Я падзякавала за непрызнаньне рэжыму Лукашэнкі, за падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Мы абмеркавалі праграмы дапамогі рэпрэсаваным, малому бізнэсу, стыпэндый для студэнтаў. Шмат якія беларусы знайшлі бясьпеку ў краінах Эўразьвязу, і мы працуем над тым, каб яны адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена» — цытуе словы Ціханоўскай ейная прэс-служба.

Ціханоўская нагадала, што прайшло паўтара года пасьля выбараў-2020, якія, па яе словах, былі адзначаныя «змаганьнем беларусаў за сваю годнасьць, за справядлівасьць, за сумленныя выбары».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Даніі. 30 год таму Менск і Капэнгаген усталявалі дыпляматычныя адносіны

Сьвятлана Ціханоўская адзначыла незаконнасьць рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі і яшчэ раз выказалася за новыя сумленныя выбары.

На сустрэчы з дыпляматамі былі абмеркаваныя і сумесныя вучэньні, якія пачнуцца 10 лютага. Ціханоўская назвала іх «расейскімі вучэньнямі» і заявіла, што «рэжым спрабуе прывучыць беларусаў да думкі, што вайна непазьбежная».

«Я ўпэўненая, што дастаткова дыпляматычных сродкаў, каб вырашыць крызіс. І мы не дазволім рэжыму гандляваць беларускім сувэрэнітэтам», — працытавала Сьвятлану Ціханоўскую ейная прэс-служба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пагутарыла з нобэлеўскай ляўрэаткай Бэатрыс Фін пра пагрозу вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вучэньні, бясьпека і супраца». Што яшчэ абмяркоўвала Ціханоўская з украінскімі дэпутатамі