У Менск прыбыла амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер Залатухін.
«Я прыбыла ў Менск і хутка прыступлю да сваіх функцый», — цытуе zerkalo.io запіс у Twitter Крыстынэ Гонэгер Залатухін. Амбасадарка напісала, што вырашальную ролю ў яе прызначэньні адыгралі шматгадовая роля Швайцарыі ў навядзеньні мастоў і перакананасьць у неабходнасьці падтрымліваць дыялёг «на самым высокім узроўні».
Адным са сваіх прыярытэтаў на новай пасадзе яна назвала працу над тым, каб людзі, пазбаўленыя свабоды, маглі рэалізоўваць свае палітычныя і грамадзянскія правы. Акрамя гэтага, амбасадарка мае намер «наладжваць дыялёг з шырокім колам асобаў у Беларусі».
- Раней афіцыйны прадстаўнік Фэдэральнага дэпартамэнту па замежных справах Швайцарыі Валянцін Кліва заявіў: «Фэдэральны дэпартамэнт па замежных справах (FDFA) пацьвярджае, што новы амбасадар уручыць даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпляматыі большасьці краін. Швайцарыя не камэнтуе легітымнасьць урадаў, яна толькі прызнае дзяржавы. Таму ўручэньне даверчых грамат не зьяўляецца для Швайцарыі актам прызнаньня. Паколькі ўстойлівае вырашэньне крызісу ў Беларусі можа быць знойдзена толькі пры ўдзеле ўсіх адпаведных палітычных сілаў, для Швайцарыі было важна заставацца прадстаўленай на самым высокім узроўні».