Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Даніі. 30 год таму Менск і Капэнгаген усталявалі дыпляматычныя адносіны

Сьвятлана Ціханоўская і Епэ Кофад

На сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская і Епэ Кофад абмеркавалі магчымасьць у бліжэйшы час на радзе міністраў ЭЗ узьняць пытаньне аб павышэньні эфэктыўнасьці санкцый.

«Гаворка, між іншым, пра перакрыцьцё шчылін для паставак калію і нафтапрадуктаў, а таксама аб спыненьні карупцыйных схем, выбудаваных рэжымнымі алігархамі». — паведамляе прэс-служба экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты.

Ціханоўская і Кофад абмеркавалі сытуацыю з палітвязьнямі, немагчымасьць іх наведаць, ацаніць умовы ўтрыманьня, а таксама размаўлялі пра працу Міжнароднай плятформы для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці, якая працуе ў Капэнгагене.

Было таксама закранутае пытаньне дапамогі грамадзянскай супольнасьці. Данія стварыла фонд падтрымкі мэдыяў, праваабаронцам. Акрамя таго, Данія падтрымлівае ініцыятывы ў падтрымцы беларускай культуры і мовы.

Акурат сёньня спаўняецца 30 гадоў з дня ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Даніяй. Пра гэта нагадала МЗС Беларусі ў сваім твітары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Даніі пачало выкарыстоўваць назву Belarus замест Hviderusland