Ізраільскае Міністэрства ў справах дыяспары апублікавала штогадовую справаздачу пра антысэмітызм у сьвеце, у якой адзначыла выкарыстаньне «антысэміцкага савецкага дыскурсу» беларускім рэжымам у палітычнай барацьбе з апанэнтамі.
«У Беларусі ўлада і СМІ, якія падтрымліваюць яе, выкарыстоўваюць вобразы, узятыя з антысэміцкага савецкага дыскурсу, каб апісаць дзеяньні апазыцыі і вырашыць унутраныя праблемы», — адзначае справаздача.
Прыводзячы канкрэтныя прыклады выкарыстаньня антысэмітызму ў такім кантэксьце, аўтары справаздачы пішуць:
«Найбольш заўважныя прыклады — фільм „Забіць прэзыдэнта“, які падкрэсьлівае меркаваную сувязь паміж габрэйскімі коламі ў Злучаных Штатах і прадстаўнікамі апазыцыі. Таксама ў гэтым кантэксьце заслугоўвае згадкі прарэжымны тэлеграм-канал „Жёлтые сливы“, які часта выкарыстоўвае антысэміцкія матывы, каб падкрэсьліць меркаваную датычнасьць габрэяў да дзейнасьці апазыцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Едзе асфальтавы каток». Ізраільскі гісторык і журналіст пра антысэмітызм, даносы, пагрозы габрэйскім арганізацыям і рэакцыю Ізраілю