Ва Ўзбэкістане закрываюць дзіцячыя дамы на загад прэзыдэнта Мірзіёева

Шаўкат Мірзіёеў

У пяці абласьцях Узбэкістану закрылі «Дамы міласэрнасьці», дзе жылі круглыя сіроты і дзеці, ад якіх адмовіліся бацькі ці блізкія сваякі.

Пастанову аб іх закрыцьці падпісаў у жніўні мінулага году прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў, але рэальна працэс пачаўся толькі цяпер.

Выхаванцаў у асноўным усынавілі работнікі ўстановаў, якія зачыняюцца, супрацоўнікі раённых і абласных адміністрацыяў, Нацыянальнай гвардыі, МУС, а таксама мясцовыя прадпрымальнікі, піша ўзбэцкая служба Радыё Свабода. Яе журналісты не выключаюць, што гэтыя ўсынаўленьні адбыліся не добраахвотна, а на загад уладаў.

Спэцыяліст органа апекі і папячыцельства Самаркандзкай вобласьці не выключае, што чыноўнікаў і сілавікоў могуць прымушаць да ўсынаўленьня дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўзбэкістане праходзяць прэзыдэнцкія выбары

«Я ўжо дзесяць гадоў працую ў органе апекі, але яшчэ ні разу ня бачыў ніводнага чыноўніка або начальніка органу ўнутраных спраў, які б выказаў жаданьне ўсынавіць сірату. Сёньня яны ўсынаўляюць па пяць дзяцей. У асноўным гэта дзеці ва ўзросьце ад 8 да 16 гадоў, у якіх пераходны ўзрост і якія цяжка паддаюцца выхаваньню. У мяне складаецца такая думка, што чыноўнікаў прымушаюць да ўсынаўленьня», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, на дзяцей, перададзеных пад апеку або пад патранат, дзяржава выплачвае каля 120 даляраў у месяц, дзецям-інвалідам — каля 250 даляраў. Акрамя таго, дзяржава выдзяляе грошы на адзеньне: адну куртку, пару ботаў, спартовы абутак і школьную форму. Як лічыць ён, гэтых сродкаў недастаткова, каб пакрыць выдаткі на ўтрыманьне нават аднаго падлетка.