Латвія, Літва і Эстонія заклікалі NATO павялічыць сваю вайсковую прысутнасьць

Кая Калас і Енс Столтэнберг на перамовах у тразні 2021 году

Такіх захадаў краіны Балтыі просяць, каб стрымаць агрэсіўную Расею.

Пра гэта ў інтэрвію Reuters заявіла прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

«Вядома, мы абмяркоўваем з нашымі саюзьнікамі, як павялічыць сваю прысутнасьць тут, каб дзейнічаць у якасьці стрымальных фактараў... Калі вы паглядзіце на мапу, убачыце, што краіны Балтыі — гэта паўвостраў NATO, таму ў нас ёсьць свае заклапочанасьці», — сказала Калас.

Як сказаў дыплямат NATO на ўмовах ананімнасьці, пытаньне аб дадатковым разьмяшчэньні войскаў у краінах Балтыі можа быць абмеркавана міністрамі абароны краін Альянсу на сустрэчы ў сярэдзіне лютага.

Падразьдзяленьні NATO разьмясьціліся ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы з моманту акупацыі Расеяй украінскага Крыму ў 2014 годзе. У кожную краіну дадаткова прыбылі па 1000 вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вострая на язык, лібэралка і патрыётка. Урад Эстоніі ўпершыню ўзначаліла жанчына

Калас адзначыла, што магчымае павелічэньне цяперашніх падразьдзяленьняў. Паводле яе, Захад можа весьці канструктыўныя перамовы з Масквой, але таксама павінен даць зразумець Крамлю, што калі ён пагоршыць сытуацыю ва Ўкраіне, то заплаціць вялікую цану.

У панядзелак у Жэнэве прайшоў першы раўнд перамоваў паміж Расеяй і ЗША. У гэты ж дзень у Брусэлі адбылося пасяджэньне камісіі NATO — Украіна з удзелам намесьніцы прэм'ер-міністра Ўкраіны ў пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Вольгі Стэфанішынай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен: NATO ўзмоцніць прысутнасьць; дапамогу Ўкраіне павялічаць, калі Расея выбера шлях канфлікту

У сераду 12 студзеня ў штаб-кватэры саюзьнікаў прайшло пасяджэньне Рады NATO — Расея. Па выніках сустрэчы генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што NATO аказвае практычную і палітычную падтрымку Ўкраіне і будзе працягваць намаганьні ў забесьпячэньні права Ўкраіны на самаабарону.

Бягучы стан эўрапейскай бясьпекі ў рамках АБСЭ таксама будзе абмяркоўвацца на гэтым тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША падрыхтаваў санкцыі супраць Пуціна і ягонага атачэньня на выпадак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнбэрг: абмеркавалі аднаўленьне расейскай місіі пры NATO і офісу альянсу ў Маскве