Дарожны рух на Нямізе пасьля аварыі моста закрылі на месяц

Дэмантаж моста над вуліцай Няміга

СК завёў крымінальныя справы па факце абвальваньня моста на Нямізе.

Дарожны рух па прылеглых да абваленага моста на вуліцы Няміга ў Менску будзе закрыты да 23 гадзін 10 лютага. Так 10 студзеня пастанавіў Менскі гарвыканкам.

Закрытыя для руху ўчасткі дарог:

  • па вуліцы Леніна ад праспэкта Незалежнасьці да вуліцы Нямігі;
  • па праспэкце Пераможцаў ад вуліцы Нямігі да вуліцы Мельнікайце;
  • па вуліцы Нямізе ад вуліцы Гарадзкі Вал да вуліцы Леніна;
  • па вуліцы Максіма Багдановіча ад вуліцы Леніна да вуліцы Янкі Купалы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як выглядае Няміга пасьля падзеньня моста. ФОТА

Аварыя моста на Нямізе

Пешаходная частка моста ў Менску на Нямізе абвалілася 8 студзеня. Здарылася гэта глыбокай ноччу. Праз час ратавальнікі МНС прыехалі на месца разьбіраць завалы. Паводле зьвестак сьледзтва, знайшоўшы першыя фрагмэнты канструкцыі, што ўпалі, супрацоўнікі ДАІ абмежавалі рух пешаходаў і транспарту. У выніку здарэньня ніхто не пацярпеў.

СК завёў крымінальныя справы па факце абвальваньня моста на Нямізе.

Вінаватых у датычнасьці абвалу пешаходнай часткі моста ў Менску над вуліцай Няміга плянуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — аб службовай халатнасьці і аб «парушэньні праектаў, абавязковых для захаваньня патрабаваньняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў пры вытворчасьці будаўніча-мантажных работ».

У ведамстве таксама паведамілі, што створана сьледчая група зь ліку супрацоўнікаў Галоўнага і Менскага сьледчых упраўленьняў.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай здарэньня стала «стомленасьць» канструкцыі, уплыў на яе вібрацыі ад працы мэтро і частыя перапады тэмпэратуры паветра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СК завёў крымінальныя справы па факце абвальваньня моста на Нямізе

Мост праз Нямігу пабудавалі ў 1962 годзе. У 2017-м правялі ягоны касмэтычны рамонт, а ў летась зрабілі тэхнічнае заключэньне стану апорнай канструкцыі, прыйшлі да высновы, што яна ў нармальным стане.

Мост ужо разабралі. Мінскія ўлады плянуюць аднавіць яго цягам месяца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай