У цэнтры Віцебску дэмантавалі герб вобласьці з «Пагоняй». Улады патлумачылі навошта

Віцебск, ілюстрацыйнае фота

У цэнтры Віцебску з будынку на вуліцы Гогаля дэмантавалі герб Віцебскай вобласьці з «Пагоняй».

Як паведамляе фатограф Павал Максімаў у сваім фэйсбуку, гэта адбылося 4 студзеня.

Выява на будынку каля аблвыканкаму зьявілася 12 гадоў таму пасьля таго, як «Пагоня» стала гербам Віцебскай вобласьці. Цяпер там засталася толькі фраза «Квітней, родная Віцебшчына».

«Наша Ніва» зьвярнулася ў Віцебскі гарвыканкам з просьбай патлумачыць прычыну дэмантажу гербу. У аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва заявілі: ніякай палітыкі ў гэтым няма, хутка герб вернецца на месца.

«Яго забралі на рамонт: герб ці то пагнулі, ці то нешта такое зь ім здарылася. Недзе з тыдзень будуць яго аднаўляць», — растлумачылі чыноўнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Змаганьне з нацыянальнай сымболікай выйшла на новы ўзровень
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі аблвыканкам стварыў камісію для ацэнкі сымболікі «на прадмет экстрэмізму»