Пачалі крымінальную справу супраць бяздомнага, якога дзесяць разоў арыштоўвалі за «несанкцыянаваны пікет»

Аляксандар Кутас

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб «неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (артыкул 342-2 Крымінальнага кодэксу) супраць бяздомнага, якога дзесяць разоў арыштоўвалі за «несанкцыянаваны пікет», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У прэс-рэлізе Сьледчага камітэту не пазначана імя абвінавачанага, але праваабаронцы пішуць, што апісаньне супадае з 59-гадовым бяздомным зь Менску Аляксандрам Кутасам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасадзім жонку, тады паглядзім, як будзеш размаўляць». Былы музыка «Харошак» расказвае, як пагадзіўся на «супрацоўніцтва» з ГУБАЗІКам

Звычайна ён сядзеў каля станцыі мэтро «Каменная Горка». На мужчыну складалі пратаколы за плякаты, на якіх ён звычайна маляваў сьцяг БССР і пісаў просьбы аб дапамозе. Праваабаронцы пішуць, што аднойчы Кутаса затрымалі за бел-чырвона-белы плякат з надпісам: «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханьне. Дапамажыце забыць лягеры і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь».

Кутас правёў у ізалятары на Акрэсьціна не менш за 130 дзён. Праваабаронцам вядома, што раней ён правёў 22 гады ў калёніі.