У 2022 годзе ў Беларусі на сілавікоў і суды патрацяць на 12% больш, чым сёлета

Сілавікі разганяюць жаночы марш пратэсту. Менск, 18 верасьня 2020

Найбольш грошай з гэтага атрымаюць органы ўнутраных спраў — 1 мільярд 153 мільёны рублёў.

Выдаткі на сілавікоў, суды, пракуратуру ў бюджэце 2022 году заплянаваныя на 12% большыя, чым у 2021-м. Гэта вынікае з рэспубліканскага бюджэту, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Так, у разьдзеле бюджэту «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасьць і гарантаваньне бясьпекі» на праваахоўны і судовы блёк у 2022 годзе прадугледжваецца фінансаваньне ў аб’ёме 3 мільярды 144 мільёны рублёў. Год таму сума была істотна меншай — 2 мільярды 773 мільёны рублёў.

Найбольш грошай з гэтага атрымаюць органы ўнутраных спраў — 1 мільярд 153 мільёны рублёў. Падразьдзяленьні ў надзвычайных сытуацыях — 346 мільёнаў, памежная служба — 300 мільёнаў, арганізацыі крымінальна-выканаўчай сыстэмы — 273 мільёны, структуры дзяржбясьпекі — 241 мільён, судовая ўлада — 178 мільёнаў, мытня — 173 мільёны, пракуратура — 110 мільёнаў. Яшчэ 360 мільёнаў рублёў пойдуць на неўдакладненыя пытаньні «праваахоўнай дзейнасьці і гарантаваньня бясьпекі».

Акрамя таго, у разьдзеле «Нацыянальная абарона» закладзены выдаткі ў суме 1 мільярд 811 мільёнаў рублёў. Гэта на 24% больш у параўнаньні зь леташнім бюджэтам — тады быў 1 мільярд 462 мільёны.

Амаль усе сродкі пойдуць на Ўзброеныя сілы — 1 мільярд 695 мільёнаў рублёў. На мабілізацыйную падрыхтоўку прадугледжана 93 мільёны, на іншыя пытаньні нацыянальнай абароны 23 мільёны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла бюджэт на 2022 год і падатковыя зьмены: за што трэба будзе болей плаціць?