«Раёны, вуліцы». Паўднёвы Захад — 1000-гадовыя курганы, замаляваныя сьцены, «Тытан», парк у гонар мэра Менску. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Агульны выгляд раёну

Рэстаран McDonalds побач са станцыяй мэтро «Пятроўшчына» — адзін з трох першых рэстаранаў гэтай сеткі ў Менску. Усе яны запрацавалі ў адзін дзень у сьнежні 1996 году. А станцыя «Пятроўшчына» была пабудаваная толькі ў 2012 годзе.

Мясцовы гатэль «Зьвязда» нагадвае тыповую жылую забудову спальнага раёну. Месяц таму тут жылі мігранты з Іраку.

Кінатэатар «Берасьце» пабудаваны ў 1989 годзе. Да зьяўленьня гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Тытан» ён быў адзіным у Маскоўскім раёне.

Адразу кідаюцца ў вочы замаляваныя надпісы на сьценах дамоў. Напамін пра падзеі 2020 году. На Паўднёвым Захадзе актыўна пратэставалі.

Раней тут была вялікая паркоўка. Месцам зацікавіліся арганізацыі, блізкія да тагачаснага мэра Масквы Лужкова. Паркоўку зьнесьлі і пачалі будаваць «Маскоўскі квартал». Рэалізаваць праект цалкам не ўдалося, пабудавалі толькі 2 дамы. Таму на месцы астатняй часткі праекту паўсталі дамы, якія ня маюць дачыненьня да «Маскоўскага кварталу». Але назва прыжылася.

Яшчэ адзін напамін пра падзеі 2020 году.

У так званым «Маскоўскім квартале» ў 2020 годзе зьявіліся муралы на ўзор Плошчы Пераменаў.

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Тытан».

Храм у гонар Праабражэньня Гасподняга будаваўся так доўга, што драўляная канструцыя пад купал пасьпела згніць і давялося рабіць новую.

Яблыневы сад, які тут быў тады, калі Паўднёвага Захаду яшчэ не было. Цяпер сад выкарыстоўваецца як парк, мясцовыя ладзяць тут пікнікі.

Маскоўскі рынак.

Галоўная гістарычная славутасьць раёну — вялікі курган X-XI стагодзьдзяў. Раней тут быў вялікі курганны могільнік, але падчас забудовы раёну большую яго частку зьнішчылі. Вышыня кургана — 4 мэтры. Кажуць, што тут можа быць пахаваны правадыр племя дрыгавічоў. Зімой дзеці выкарыстоўваюць курган як горку.

Побач кавярня «Таямніца», якая не мяняла назву ад самага пачатку свайго існаваньня.

Назву «Пятроўшчына» станцыя мэтро атрымала ў гонар аднайменнага паселішча. На здымку месца, дзе яшчэ 12 гадоў назад была вёска Пятроўшчына.

Звычайны зімовы дзень на Паўднёвым Захадзе.

Легалізаваны вулічны гандаль.

Тыповыя дамы старога Паўднёвага Захаду. Так забудоўвалі раён у 80-я гады.

Парк Паўлава, які часткова падзяляе Паўднёвы Захад і Малінаўку. Назву парк атрымаў пасьля сьмерці мэра Менску Міхаіла Паўлава.

Калядная ялінка ў парку Паўлава.

Рэчка Мышка (Мухля). Да слова «мухляваць» назва ня мае дачыненьня. Рака раней то зьнікала, то зноў зьяўлялася. У 60-я гады падчас будаўніцтва вадазабору рака абмялела, яе працягласьць скарацілася да 5 км.

На заднім пляне ЦЭЦ-4.