За дзесяць месяцаў 2021 году ў дачыненьні да міліцыянтаў і вайскоўцаў учынена амаль 2 тысячы злачынстваў «у сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў». За «злачынствы» супраць сілавікоў да адказнасьці прыцягнулі 332 чалавекі.
Пра гэта ў інтэрвію ведамаснай газэце «На страже» сказаў начальнік Галоўнага ўпраўленьня ўнутранай бясьпекі МУС Беларусі Алег Ларын.
Па яго словах, у большасьці выпадкаў гаворка пра абразы і пагрозы на адрас сілавікоў і іх блізкіх, але ёсьць і факты гвалту. Але ніводнага такога прыкладу прадстаўнік ведамства не назваў.
Суды задаволілі патрабаваньні аб кампэнсацыі супрацоўнікам міліцыі і вайскоўцам маральнай шкоды на суму звыш 375 тысяч рублёў.
У той жа час органы пракуратуры і Сьледчага камітэту не задаволілі ніводнага пазову ці скаргі на дзеяньні сілавікоў, ад якіх падчас беспадстаўна жорсткіх разгонаў пратэставых акцый у мінулым годзе пацярпелі тысячы беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 сьнежня: суд над маладачанцам, якога дэпартавалі з Расеі ў Беларусь, 15 сутак былому маладафронтаўцу ХведарукуКаго караюць пасьля выбараў, а каго не
Ніводнай крымінальнай справы па фактах сьмерці ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, пабояў і катаваньняў Сьледчы камітэт і пракуратура дагэтуль не завялі.
9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзыдэнта. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў статыстыку перасьледу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.
Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена звыш 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.
У пракуратуру і Сьледчы камітэт паступілі 4644 заявы аб ужываньні сілавікамі катаваньняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальных спраў.
Няма крымінальных спраў і па фактах гібелі людзей падчас разгону пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчыя ў Менску накіравалі ў суды 454 «экстрэмісцкія» справы і ніводнай за катаваньні і сьмерць пратэстоўцаў