Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў высылаць мігрантаў у Беларусь, калі яны ўжо трапілі ў Польшчу

Мігранты ў чарзе па ежу, Горадня

Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) пастанавіў, што мігранты ня могуць быць высланыя ў Беларусь, калі ўжо знаходзяцца на польскай тэрыторыі. Гэта вынікае з рашэньня, апублікаванага на сайце суду.

З 20 жніўня па 3 сьнежня 2021 году ЭСПЧ разгледзеў 47 хадайніцтваў ад 198 заяўнікаў з просьбай гарантаваць бясьпечнае знаходжаньне на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу.

44 пазовы падалі супраць Польшчы, два — супраць Латвіі, адзін — супраць Літвы. «У большасьці заяваў, дзе заяўнікі сьцьвярджалі, што знаходзяцца ў Польшчы, і прасілі не высылаць іх назад у Беларусь, суд ужыў правіла 39 і пастанавіў, што заяўнікі не павінны быць высланыя з Польшчы, калі яны сапраўды знаходзяцца на яе тэрыторыі», — гаворыцца ў пастанове суду.

  • Правіла 39 рэглямэнту ЭСПЧ прадугледжвае забесьпячальныя меры ў рамках скаргі па сутнасьці аб парушэньні правоў чалавека. Невыкананьне гэтых мер суд разглядае як перашкоду эфэктыўнаму разгляду скаргі заяўніка.

Па адным з хадайніцтваў, якое тычылася 32 грамадзян Афганістану, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы, суд папрасіў Варшаву дазволіць доступ да іх адвакатаў. У некаторых выпадках ЭСПЧ запатрабаваў забясьпечыць мігрантаў ежай, вадой, адзеньнем, адэкватнай мэдычнай дапамогай і, калі магчыма, часовым сховішчам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Літве выдвараць 5 мігрантаў, што захрасьлі на мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з Расеі выдаюць беларусаў, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду